|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Богдан Барусевіч: Рэжым Лукашэнка павінен зьнікнуць 12:48, 11/10/2005 Легендарны лідэр "Салідарнасьці" Богдан Барусэвіч заявіў на канфэрэнцыі, што важна, каб досьвед пераменаў перадаць іншым народам, якія дагэтуль змагаюцца з аўтарытарнай ці таталітарнай уладай. Сярод такіх краінаў ён пералічыў і Беларусь. "Мы павінны дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў складанай сытуацыі – напэўна беларускаму грамадзтву, таму што Беларусяй здаўна кіруе Лукашэнка, які цяпер рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў у будучым годзе й хоча быць абраным на трэці тэрмін паўнамоцтваў. Гэта рэжым у цэнтры Эўропы; рэжым, які пагражае бясьпецы хоць бы таму, што па тэрыторыі Беларусі праходзіць газаправод, які дае газ польскай прамысловасьці. Варта таксама прыгадаць, якім чынам Лукашэнка заангажаваўся ў справы Саюзу палякаў у Беларусі. СПБ стаўся элемэнтам ціску з боку Беларусі на Польшчу, закладнікам. Гэты рэжым павінен зьнікнуць, таму што ён прыносіць сорам для Эўропы", -- сказаў Барусевіч Падобным чынам мяркуе галоўны арганізатар канфэрэнцыі, дырэктар “Вілы Дэцыя”, Данута Глёндыс. "Напэўна мы павінны быць адказнымі за нашых суседзяў. Так як раней Заходняя Эўропа дапамагла палякам ажыцьцявіць зьмену сыстэмы, правесьці "аксамітавую рэвалюцыю", так цяпер гэтая адказнасьць знаходзіцца на нашых плячах. Гэта маральны доўг, які мы павінны выплаціць. Зразумела, мы не павінны рабіць гэтага нахабна, але калі такая падтрымка патрэбная, мы павінны яе аказаць." Выступаючы ў час канфэрэнцыі ад імя Беларускага народнага фронту, яго лідэр у Барысаве, Сяргей Салаш, выказаў думку, што Беларусь можа не дачакацца прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, бо ёсьць шанец на тое, што да моманту іх правядзеньня ў краіне адбудзецца выбух грамадзкай незадаволенасьці з кіраўніцтва краіны ды ўсё мацнейшага рэжыму. Чаму Салаш лічыць магчымым правядзеньне "аксамітавай рэвалюцыі" ў Беларусі? "Яна можа адбыцца ў тым выпадку, калі адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, Аляксандра Мілінкевіча, не зарэгіструюць зь якой-небудзь прычыны. Мы будзем рыхтавацца да абароны гэтай кандыдатуры, будзем выходзіць на вуліцы й патрабаваць ягонай рэгістрацыі. Людзі захочуць абарніць сваю вольнасьць, годнасьць і свой гонар", -- заявіў Салаш. Былы старшыня беларускага парлямэнту Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію нашай станцыі заявіў, што ў Беларусі рэвалюцыя без выкарыстаньня насільля можа адбыцца ў будучым годзе, калі ўлада захоча фальсыфікаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. "Я абсалютна перакананы, што калі наш кандыдат пераможа на выбарах, то яны будуць фальсыфікаваныя такім чынам, што гэта можа стацца прычынай, каб людзі выйшлі на вуліцу й адстаялі сваю перамогу,” – заявіў Шушкевіч. У час канфэрэнцыі шмат гаварылася пра розныя варыянты ходу падзеяў у Беларусі, якая часам параўноўвалася да Ўкраіны перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2004 году. Аднак ніхто з прысутных не сумняваўся ў тым, што гэта сам беларускі народ мусіць выбраць сваю будучыню. Шмат залежыць ад таго, якім чынам адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандар Мілінкевіч будзе весьці сваю працу цягам бліжэйшых 6 месяцаў, як да яго паставіцца Захад, і якія праблемы створыць яму адміністрацыя Лукашэнкі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|