Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін прыступілі да сваіх новых абавязкаў 15:33, 13/10/2005
Анатоль Лябедзька ўзначаліў Нацыянальны камітэт, а Сяргей Калякін – перадвыбарчы штаб адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 года. Такім чынам вызначаны дзьве асноўныя фігуры ў камандзе Аляксандра Мілінкевіча. Якой яны бачаць сваю дзейнасьць?
Старшыня Нацыянальнага камітэту асновай сваёй працы бачыць палітычнае пагадненьне, зацьверджанае кангрэсам дэмсілаў. Там гаворыцца, што нацыянальны камітэт адказвае за распрацоўку бачаньня будучай Беларусі, за праграмы і праекты заканадаўчых ініцыятываў.
“Гэта як інтэлектуальная пляцоўка, на якой мусяць працаваць лепшыя інтэлектуальныя, дасьведчаныя людзі ў Беларусі і дапамагаць адзінаму кандыдату. Вельмі важна, каб былі ня толькі заклікі, ня толькі заклінаньні, ня толькі кароткія ўлёткі, але і больш грунтоўныя дакумэнты, якія дэманструюць, што гэта моцная каманда і за ёй ідуць перамены”, -- паведаміў Анатоль Лябедзька “Радыё Свабода”.
Сярод асобаў, якія могуць увайсьці ў склад Нацыянальнага камітэту, яго старшыня называе Станіслава Багданкевіча, Яраслава Раманчука, Паўла Данэйку, Міхаіла Чыгіра, Васіля Старавойтава, Зінаіду Бандарэнку. Плянуюцца таксама перамовы з рэктарам ЭГУ Анатолем Міхайлавым і былым прэм’ер-міністрам Уладзімерам Ярмошыным ды іншымі асобамі.
“Тут няма прамой зьвязкі – асоба і партфэль. Хоць мы гаворым Нацыянальны камітэт – ценявы ўрад. Будуць вызначаныя асноўныя накірункі, па якіх будуць людзі працаваць калектыўна. Тут будуць два ўзроўні. Узровень рабочы, тыя, хто непасрэдна будзе рыхтаваць праекты праграма, і такі прадстаўнічы ўзровень, каб там былі людзі, вядомыя для некаторых груп насельніцтва, якія выклікаюць нейкія пазытыўныя эмоцыі”, -- паведаміў Лябедзька.
Анатоль Лябедзька ў якасьці сваіх першачарговых крокаў бачыць вызначэньне структуры Нацыянальнага камітэту. А таксама выпрацоўку грунтоўнай эканамічнай праграмы для адзінага кандыдата.
“На ўсе вострыя пытаньні ў нас павінны быць адказы, і ня толькі на ўзроўні нашага досьведу, але і навукова прапрацаваныя. Я думаю, што мы зацікаўленыя арганізаваць як мага больш шырокую дыскусію па тых праектах дакумэнтаў, якія будуць напрацаваныя Нацыянальным камітэтам. Калі нам удасца зрабіць яе як мага больш шырокай, гэта будзе наш посьпех”, -- лічыць старшыня Нацыянальнага камітэту.
Сяргей Калякін лічыць цяпер самым важным фармаваньне цэнтральнага штабу, які будзе выконваць дзьве асноўныя задачы – арганізацыйна-тэхнічную і інфармацыйную.
“Туды павінны ўвайсьці людзі, якія ўмеюць выпрацоўваць прафэсійныя рашэньні і іх рэалізоўваць. Я думаю, што цягам бліжэйшага тыдня мы гэтую працу ў асноўным завершым. А другая задача - у стварэньні дзеяздольных камандаў на месцах у рэгіёнах. Мы зараз таксама прыступім да гэтай працы. Ужо сёньня трэба вырашаць дзьве задачы – фармаваньне штабу і непасрэдную арганізацыю палітычнай працы”, -- лічыць Калякін.
Сяргей Калякін пакуль устрымліваецца называць імёны тых, хто будзе працаваць у штабе. Спадар Калякін ужо зрабіў прапановы некаторым асобам. Ён лічыць, што выбар кандыдатур пройдзе на аснове пэўнай канкурэнцыі. Працы тут многа як у абласных, так і ў раённых ці гарадзкіх структурах, і асноўнае спадзяваньне на шырокую сетку валянтэраў.