Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Маршы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі адбыліся ў ЗША 09:44, 17/10/2005
16 кастрычніка ў розных краінах сьвету адбыліся дабрачынныя маршы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Арганізатарам выступіў рух “Студэнты за дэмакратыю ва ўсім сьвеце”. Студэнты арганізоўваюць 12-ці кілямэтравыя маршы па парках і вуліцах – па адным кілямэтры за кожны год знаходжаньня беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе.
Амэрыканская арганізацыя Студэнты за ўсясьветную дэмакратыю ініцыявала кампанію “Bell” (Звон) - абрэвіятура, якая расшыфроўваецца з ангельскай мовы як “дар дзеля жыцьця і свабоды Беларусі”. Мэта арганізацыі – інфармаваць студэнтаў пра дзеяньні дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і зьбіраць сродкі на падтрымку дэмакратычных маладзёвых рухаў – напрыклад, руху “Зубр”.
Менавіта дзеля дасягненьня гэтых мэтаў, а таксама, каб выказаць сваю салідарнасьць з беларускай моладзьдзю, студэнты арганізавалі 16 кастрычніка Сусьветны марш за дэмакратыю ў Беларусі.
Як паведаміў “Радыё Свабода” рэзыдэнт арганізацыі, студэнт факультэту гісторыі і паліталёгіі Ўнівэрсытэту Індыяны Чарлі Шром, ініцыятыву падтрымалі шэсьць унівэрсытэтаў са штатаў Каліфорнія, Мічыган, Індыяна, Масачусэц і Вашынгтон і яшчэ шэсьць замежных адзьдзяленьняў арганізацыі.
Удзельнікі прайшлі 12 кілямэтраў, кожны кілямэтр азначае год праўленьня рэжыма Лукашэнкі да году наступных выбараў. Многія ўдзельнікі адзетыя ў бела-чырвоныя майкі на якіх па-беларуску і па-ангельску напісана “Разам за вольную Беларусь”. Студэнты не плянавалі пад час гэтай акцыі сустракацца з афіцыйнымі і палітычнымі прадстаўнікамі. Іх галоўная мэта – выказаць салідарнасьць і сабраць як мага больш новых прыхільнікаў. А сабраныя пад час акцыі сродкі пойдуць на падтрымку беларускіх маладзёвых арганізацый.