Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сям’ю забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай зноў выклікаюць у пракуратуру 11:01, 18/10/2005
18-га кастрычніка маці забітай год таму журналісткі Веранікі Чаркасавай, Дыяну Чаркасаву, і сына, Антона Філімонава, выклікаюць у пракуратуру г. Мінска. Паводле павестак, якія яны атрымалі ў канцы мінулага тыдня, ім трэба з’явіцца з пашпартамі да начальніка следчага аддзелу па найважнейшых справах пракуратуры г. Мінска Віктара Фешчанкі.
Ужо год ідзе следства па гэтай справе, якое дагэтуль не прынесла канкрэтнага выніку, паведамляе прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Апошняя інфармацыя, што публічна прагучала на гэты конт ад прадстаўнікоў Пракуратуры РБ – гэта што па справе працягваецца “актыўная аператыўна-следчая праца”, і што пракуратура «правярае» каля 10 версій гэтага забойства. Пра гэта 23 чэрвеня на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік Генеральнага пракурора РБ Віктар Прус, працягваючы тэрмін следства па гэтай справе. У канцы жніўня гэты тэрмін быў працягнуты ў чарговы раз. Ніякай інфармацыі пра ход следства блізкія Веранікі ўвесь гэты час не атрымлівалі.
Журналістка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй кватэры ў Мінску. Яе цела знайшлі 15-гадовы сын Антон Філімонаў і айчым Уладзімір Мялешка. На допыце 19 лістапада ім паведамілі, што са сведкаў яны сталі падазраванымі. У пастанове пракуратуры было пазначана, што апэратыўным шляхам атрыманая інфармацыя, якая сведчыць пра дачыненне Філімонава і Мялешкі да забойства журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе.
Між тым, у выніку журналісцкага расследавання, якое правёў журналіст Сяргей Сацук, здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства В. Чаркасавай здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. (Артыкул С. Сацука “Страх как достаточное основание, или Кто расправился с Вероникой Черкасовой?” http://www.baj.ru/2005/Jan/210105smi3.asp)
31-га студзеня 2005 г. старшы следчы пракуратуры г. Мінска Уладзімір Чумачэнка падпісаў пастанову аб правядзенні стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы Антона Філімонава. Неабходнасць правядзення экспертызы тлумачылася тым, што А. Філімонаў пасля гвалтоўнай смерці маці быў пастаўлены на ўлік у гарадскі дзіцяча-падлеткавы псіханеўралагічны дыспансер, а ў канцы лістапада паступіў на стацыянарнае лекаванне ў рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную лякарню.
У пачатку лютага 2005 г. Антон Філімонаў з`ехаў у Маскву да бацькі, Дзмітрыя Філімонава.
28 красавіка блізкія забітай журналісткі атрымалі Пастанову начальніка следчага аддзела С. Іванова ад 18-га красавіка г.г., дзе гаварылася, што крымінальны пераслед Антона Філімонава і Уладзіміра Мялешкі спыняецца «за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства», бо падчас папярэдняга расследавання «не здабыта дастатковых доказаў» спрычыненасці Мялешкі і Філімонава да злачынства, а «ўсе магчымасці для збору дадатковых доказаў вычарпаныя».
23 чэрвеня на прэс-канферэнцыі намеснік Генеральнага пракурора РБ Віктар Прус заявіў, што сын забітай журналісткі ў якасці падазраванага «хутчэй непасрэдна не разглядаўся».