Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уладзiмiр Парфеновiч: Сяргея Скрабца проста «заказалi» 10:56, 19/10/2005
Суд над палітвязнем Сяргеем Скрабцом адбудзецца ў лiстападзе. Аб гэтым “Народнай волi” паведамiла жонка былога экс-дэпутата і ладара групы “Рэспубліка”. Разглядаць справу Скрабца будзе Вярхоўны суд Беларусi.
“На мiнулым тыднi мужа наведаў адвакат, — гаворыць Аляксандра Скрабец. — Сказаў, што настрой у яго нармальны, стан здароўя быццам бы таксама. Судовы працэс хутчэй за ўсё адбудзецца напрыканцы лiстапада. Праўда, я пакуль не магу даведацца, якi суддзя будзе весцi справу Сяргея. Справа ў тым, што я ўжо два месяцы не бачыла мужа. У вераснi прасiла дазвол на спатканне ў следчага. Спачатку ён адказаў, што яму трэба падумаць. А што значыць падумаць? Ён што, ноччу ляжыць i думае, даць мне спатканне з мужам альбо не? На наступны дзень тэлефаную — яшчэ не вырашыў... У рэшце рэшт ён мне адмовiў. Без усялякiх тлумачэнняў. I дадаў: ужо суддзя, якому даручаць справу, будзе даваць дазвол на спатканне. Аднак хто суддзя — таксама тайна за сямю пячаткамi..."
Як раней паведамляла “Народная воля”, Скрабца афiцыйна абвiнавачваюць у трох выпадках парушэння заканадаўства — выманьваннi крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi i падрыхтоўцы да дачы хабару ў асаблiва буйных памерах.
Што думаюць пра справу Скрабца яго былыя калегi па “палаце прадстаўнiкоў”? Чыста па-чалавечы спачуваюць яму, адсочваюць падрабязнасцi справы па прэсе?
Былы дэпутат Уладзiмiр Парфеновiч лiчыць, што “дэпутаты вельмi ўважлiва адсочваюць падрабязнасцi справы Скрабца, бо самi баяцца апынуцца на яго месцы”.
“А што тычыцца суда, то я лiчу, што ў Беларусi няма незалежных судоў, — гаворыць Парфеновiч. — У нас суддзi прызначаюцца кiраўнiком дзяржавы, а гэта значыць, што яны залежаць ад яго... На мой погляд, Сяргея Скрабца проста “заказалi”. У 2001 годзе ён балатаваўся на пасаду прэзiдэнта. Сяргей не раз расказваў, што чатыры гады таму яго папярэдзiлi: маўляў, не адмовiшся ад прэзiдэнцкiх амбiцый — трапiш у турму. Можа, гэта выпадкова, але за краты ён трапiў незадоўга да прэзiдэнцкiх выбараў. Адным канкурэнтам менш?.."