Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  
 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 2122 23
24 25 26 27 28 29 30


 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Уладзiмiр Арлоў: «Незалежнасьць — гэта калi ад нараджэньня да скону пачуваесься сваiм чалавекам на сваёй зямлi»
16:14, 21/10/2005

«Мне б хацелася,каб выказанае ў тым маiм эсэ найхутчэй спраўдзiлася...». У гэтым выдатны майстар гiстарычнай прозы прызнаўся падчас прэзентацыi ў Доме лiтаратара ягонай новай кнiгi “СЛАНЫ ГАНIБАЛА”, дзе пад адной вокладкай — выбраныя эсэ, створаныя пiсьменнiкам цягам апошнiх пятнаццацi гадоў. Яны аб тым, што адбываецца ў нашай краiне i навакольным свеце, што балiць i смылiць у сэрцы чуйнага творцы, неаддзельнага ад роднай беларускай зямлi i яе лёсу, пиша сёння «Народная воля».

Легендарнае эсэ “Незалежнасьць — гэта...”, што адкрывае кнiгу, было напiсана Уладзiмiрам Арловым яшчэ ў 1990 годзе (“За дзве гадзiны напiсаў!” — з па-дзiцячы непасрэднай радасцю згадвае аўтар).

Тады яшчэ быў СССР, i публiцыстычна-мастацкi твор, у якiм з магутнай сiлай была выказана прага i воля да адраджэння незалежнасцi Беларусi, стаўся зразумелым i блiзкiм не толькi для беларусаў. Ён прагучаў як выбух i адразу ж зрабiўся знакамiтым, запатрабаваным i перакладзеным на дваццаць моў свету — перш за ўсё на мовы народаў Балтыi, Украiны, Грузii, а затым Расii (у тым лiку i на чэчэнскую) i многiя еўрапейскiя мовы.

З тае пары свет змянiўся кардынальна. На абшарах былой iмперыi, што рухнула ў адначассi, на месцы былых савецкiх рэспублiк паўсталi самастойныя дзяржавы. Незалежнай, суверэннай краiнай стала i наша Беларусь, нарэшце вярнуўшы сабе перарваную на два вякi дзяржаўнасць.

Але... I праз 15 год пасля напiсання эсэ-мары, эсэ-надзеi, эсэ-веры многае з таго, аб чым у iм сказана, яшчэ не дасягнута, не стала рэальнасцю, да якой iмкнулiся, за якую змагалiся многiя пакаленнi нашых суродзiчаў. Над Беларуссю сёння навiсла страшная пагроза паглынання яе з боку ўсё той жа, iмперскай па сутнасцi, Расii. Гэта значыць — пагроза знiкнення нашай Бацькаўшчыны, нашага народа, якiм бы прыгожым слоўным флёрам гэтыя гiбельныя для нас намеры i манеўры нi прыкрывалiся.

Уратаваць, абаранiць ад згубы нас можа толькi адно — гэта мы самi! Наша адданасць Радзiме, наша нацыянальная свядомасць, наша памкненне жыць сваiм уласным, дагледжаным i ўтульным беларускiм домам у добрасуседстве i найлепшых стасунках з усiм цывiлiзаваным светам. Уратуе наша гiстарычная памяць i гонар за мужных i таленавiтых продкаў, жаданне быць вартымi iх i самiм — ужо ў ХХI стагоддзi — прадоўжыць iх святую справу, захаваць незалежнасць, узняць нашу мiлую Беларусь да святла i радасцi.

А таму — думайце, людзi, як жыць далей, спялiце сваю душу для добрай славы сваёй краiны. Слухайце галасы нашых разумных празорцаў, выказнiкаў i генератараў нацыянальнага духу, сярод якiх, несумненна, i таленавiты пiсьменнiк Уладзiмiр Арлоў.

Прапануем вашай увазе тое самае, знакамiтае яго эсэ, што ў самым iсным i галоўным, за выняткам хiба што пэўных тагачасных рэалiй, застаецца актуальным i сёння. I давайце ўсе разам паспрыяем таму, каб выказанае ў гэтым творы, як таго i жадае аўтар, найхутчэй спраўдзiлася.

Правапiс аўтара захоўваецца.

Незалежнасьць —гэта...

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты зьявiсься на сьвет у радзiльнi, дзе няма самых стэрыльных на зямлi савецкiх прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкi.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твой бацька пойдзе ў загс, каб атрымаць дакумэнт, што ты сапраўды нарадзiўся i што цябе назвалi ў гонар дзеда Рыгорам, i кабета, якая сядзiць там, спакойна выпiша яму гэты дакумэнт, а ня выцягне са стала “Справочник личных имен народов СССР” i ня будзе, размахваючы iм, гiстэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблемаў назваць сына Файзулой цi нават Мамаем, а вось Рыгорам — ня можа, бо такога iмя проста не iснуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое — Григорий).

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты пойдзеш у школу i цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая табе падабалася ў дзiцячым садку, — на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мiшу, тату якога завуць Iсакам, — на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькi якога прыехалi сюды, бо ў iхнiм горадзе на Волзе, каб купiць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзiне ранiцы, — на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, i дзеля гэтага тваiм тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбiраць па кватэрах заявы бацькоў, якiя ня тое каб не хацелi вучыць сваiх дзяцей так, як твае тата й мама, а проста нiколi пра гэта ня думалi, бо вырасьлi пры iнтэрнацыяналiзьме. I гэтыя заявы ня трэба будзе губляць тры разы дырэктару i два — сакратарцы, i ў першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лiнейцы, што “год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы”, а прыйшоўшы ў сваю клясу, не даведаесься, што дзякуючы няўхiльнаму клопату партыi i ўраду ў вас на ўсю клясу толькi ўсяго лемантар i дзьве “матэматыкi” на роднай мове.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твая дружына ня будзе змагацца за права насiць iмя Паўлiка Марозава цi Аляксандра Мясьнiкова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любiў свайго тату Паўлiк i як любiў беларусаў Мясьнiкоў.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты будзеш студэнтам i на лекцыi па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, якi вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краiны, нахiнецца да цябе й запытае, што значыць слова “iмавернасьць”, i ты па-француску растлумачыш яму.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты будзеш служыць у войску не далей за памежныя горад цi вёску твае зямлi, затое табе нiколi не загадаюць фарбаваць траву й прыбiраць тэрыторыю “вот отсюда и до обеда”. У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў цi да свае дзяўчыны, затое нiхто не назаве цябе “бульбашом”, а твайго сябра — “черножопым” за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, i табе нiколi не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку цi ў Тбiлiсi.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твая дзяўчына кажа, што хоча на выхадныя ў Вену, i ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып`яце кавы насупраць палацу Шонбрун, i ведаеш, што перад вашай вандроўкаю нiхто ня будзе высьвятляць у цябе, цi быў ты ў дзяцiнстве габрэем, а таксама, цi быў ты раней за мяжою i калi вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтай.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi на Дзяды, у Дзень памяцi продкаў, ты iдзеш на могiлкi, каб паставiць там свечку i пакласьцi кветкi, а ня стаць удзельнiкам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралiтычным газам цi новае мадэлi гумовага дручка.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi твой сын прынес са школы пяцёрку па гiсторыi i ты хвалiш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоiшча i перамогу калектывiзацыi, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бiтву, якая ўратавала твой народ ад сьмерцi, i кажуць праўду пра ўладу, што расстраляла твайго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi да цябе завiтае беларускi сьпявак зь Нью-Ёрку, i ты вып`еш зь iм добрую чарку вiшнёўкi, i пасьля ветлiвыя дзядзькi ў цывiльным не запрапануюць табе падрабязна напiсаць, дзе й што вы пiлi й каго пры гэтым лаялi.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ты пазбаўлены магчымасьцi чуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыннiкаў: “Хто как хацiт, той так i гаварыт”, бо твой прэзыдэнт — чалавек пiсьменны i хоць адну мову ўсё ж ведае.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi з тэлеперадач i газэтаў раптам зьнiкаюць лiсты нястомна-таямнiчых вэтэранаў i вусьцiшныя паведамленьнi пра нацыяналiстаў i экстрэмiстаў з народных франтоў, якiя нават уначы ня сьпяць, а распальваюць памiж табой, Алёшам i Мiшам, тату якога звалi Iсакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, мiжнацыянальную варожасьць, каб учынiць сярод вас крывавую разьню й пусьцiць пад адхон цягнiк перабудовы.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi нiхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць безь вялiкага старэйшага брата, бо ня мае сваiх баксiтаў цi алмазаў, i ты разумееш, што зусiм дарэмна шкадаваў гаротных галяндцаў цi бэльгiйцаў, якiя ня маюць нi баксiтаў, нi алмазаў, нi нават старэйшага брата.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi велiзарныя аўтафуры з надпiсам “Центровывоз” (цi бачыў ты хоць раз такiя фуры, дзе было б напiсана “Центроввоз”?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi раптам высьветлiцца, што сьветлыя галовы ёсьць i ў нас, i калi — крый Божа! — выбухне завод цi прычынiцца якое iншае лiха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камiсiя з маскоўскiх разумнiкаў.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi на Божай пасьцелi ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы цi касцёлу, дзе цябе хрысьцiлi i дзе ты вянчаўся, ня выкапаюць сажалку з брудным лебедзем i не пабудуюць басэйн iмя XXVIII зьезду КПСС, а могiлкi, дзе будуць спачываць твае косьцi, не зьнясуць i не ператвораць у закiданы пустымi пляшкамi парк культуры й адпачынку iмя таварыша Гарбачова.

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта...

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — гэта калi ад нараджэньня да скону пачуваесься сваiм чалавекам на сваёй зямлi.

Я веру, што калi-небудзь так будзе.

Бо йначай проста ня варта жыць.

Люты, 1990


напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97.

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая.


Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: