Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
10 дзён галадае за кратамі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч 10:52, 24/10/2005
Адвакаты рыхтуюць скаргу на меру стрыманьня ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу, які 10 дзен сядзіць у гарадзенскай турме. Супраць яго распачата крымінальная справа паводле другой часткі артыкула 243 — за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры — 679 мільёнаў рублёў. На знак пратэсту супраць арышту Мікалай Аўтуховіч зь першага дня абвясьціў галадоўку. Для яго гэтая галадоўка — трэцяя сёлета.
Адвакат Надзея Станкевіч, якая зноўку наведала ў турме Мікалая Аўтуховіча, паведаміла “Радыё Свабода”, што стан яго здароўя пакуль здавальняючы, але галадоўка паслабляе вязьня, і калі ён устае з ложка, у яго кружыцца галава. Што датычыць мэдычнай дапамогі, дык арыштаваны мае абмежаваныя магчымасьці ў гэтым сэнсе, знаходзячыся за кратамі, зазначае адвакат.
Апошні дзень падачы скаргі на меру стрыманьня Мікалаю Аўтуховічу — панядзелак. Надзея Станкевіч паведаміла, што зараз рыхтуюцца іншыя дакумэнты -- адносна яго асобы, сямейнага становішча, работы, даведкі аб хваробах. Мікалай Аўтуховіч ваяваў на савецка-аўганскай вайне, мае баявыя ўзнагароды.
Мікалай Аўтуховіч за два гады правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы таксовак, таму акцыі рабіліся масавымі, у іх удзельнічалі больш за трыццаць чалавек. Першая галадоўка адбылася ў кастрычніку 2003 году, другая — увесну сёлета, апошняя — пры канцы верасьня. Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў, накладзеных падатковай службай, а два гады таму і супраць арышту таксовак, якія яму належаць. Спадар Аўтуховіч таксама змагаўся за скасаваньне штрафных санкцыяў, якія дасягнулі амаль мільёну даляраў, у судах. Пры канцы верасьня Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіў накіраваць справу прадпрымальніка на новы разгляд, і ён спыніў галадоўку. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу.