Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Апазыцыянэраў ужо не пускаюць за мяжу? 10:22, 01/11/2005
Сёньня – апошні дзень, калі пашпартная служба мусіць вырашыць, ці дазваляць выезд за мяжу каардынатару руху “Зубар” Ірыне Тоўсьцік. У разгляд яе справы ўмяшалаўся КДБ, што і прывяло да затрымкі дакумэнтаў у пашпартнай службе. Ці сапраўды беларускія ўлады пачалі змагацца з апазыцыяй праз забарону замежных паездак?
Жыхарка Менску Ірына Тоўсьцік ў прызначаны час не атрымала свой пашпарт, у якім мусіў зьявіцца штамп, які дазваляе выезд за мяжу. Затрымка, як прызналіся дзяўчыне супрацоўнікі Кастрычніцкай пашпартнай службы, тлумачылася зусім не тэхнічнай прычынай. Пашпартам Ірыны зацікавіліся ў КДБ. Дадатковую праверку беларускія “чэкісты” завершаць сёньня, але вынік гэтай праверкі Ірына прадказаць не бярэцца. Яна каардынатар апазыцыйнага маладзёвага руху “Зубар” і зьвязвае ўвагу да сябе КДБ менавіта з гэтым.
Ці ёсьць законныя падставы забараніць грамадзяніну выезд за мяжу? Паводле адказнага супрацоўніка рэспубліканскай пашпартна-візавай службы такая забарона можа быць толькі часовай, бо права грамадзяніну вольна езьдзіць ва ўсе краіны сьвету гарантавана Канстытуцыяй, і абмежаваць яго можна толькі з пэўных прычынаў.
“Іх шмат, але асноўных пяць: завядзеньне крымінальнай справы, наяўнасьць нявыкананых абавязацельстваў у адпаведнасьці з прысудам, які ўступіў у сілу, інтарэсы бясьпекі дзяржавы і іншыя”, -- паведаміў міліцыянт «Радыё Свабода».
Паводле майго суразмоўцы, за 9 месяцаў гэтага году 410 тысяч грамадзянаў Беларусі зьвярнуліся за атрыманьнем штампу, які дазваляе выезд за мяжу, зь іх адмоўлена 525 грамадзянам. Сярод гэтых людзей і гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які лічыцца падазроным ў справе аб пагрозах на адрас дырэктара шчучынскага Дома польскага Віктара Богдана. У Андрэя Пачобута спачатку ўзялі падпіску аб невыязьдзе, і на гэтай падставе анулявалі яму штамп аб праве выезду за мяжу. Пазьней такую меру стрыманьня для журналіста адмянілі, але дзеяньне штампу гэтак і не аднавілі. Андрэй лічыць, што гэта невыпадкова і тлумачыць ўсё сваёй пазыцыяй у канфлікце вакол Саюзу палякаў Беларусі.
“Гэта такая форма перасьледу з боку дзяржаўных уладаў. Шмат каго зь іх не пускаюць у замежныя краіны, і вось такі м жа чынам яны спрабуюць адпомсьціць нам”, -- паведаміў Пачобут “Радыё Свабода”.