Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хто пераследуе Iгара Жалязоўскага? 10:45, 01/11/2005
Шасцiразовы чэмпiён свету па канькабежным спорце Iгар Жалязоўскi звярнуўся з адкрытым лiстом да Аляксандра Лукашэнкi, у якiм просiць абаранiць яго (Жалязоўскага) ад пераследу, піша “Народная воля”.
Iгар Жалязоўскi паведамляе, што ў расiйскую фiрму, дзе ён у апошнi час працаваў, паступiў тэлефонны званок ад “кiруючага работнiка” ААТ “Керамiн” з просьбай звольнiць Жалязоўскага, i гэта, маўляў, было ўмовай далейшага супрацоўнiцтва “Керамiна” з фiрмай.
Iгар Жалязоўскi лiчыць, што падставай для такога “сiгналу” стала яго адсутнасць на нарадзе Аляксандра Лукашэнкi з кiраўнiкамi рэспублiканскiх грамадскiх аб`яднанняў 6 кастрычнiка ў Мiнску.
Былы спартсмен сцвярджае, што запрашэнне яму проста не паступiла, бо ён знаходзiўся не ў Беларусi. Але Лукашэнку паведамiлi, што Жалязоўскi “адмовiўся ад удзелу ў нарадзе”.
“Гэта ўсё лухта!” — заяўляе сёння Iгар Жалязоўскi i дадае, што “некаторыя чыноўнiкi ад спорту” вырашылi “канчаткова аблiць мяне брудам i адлучыць ад удзелу ў развiццi беларускага спорту”.
25 кастрычнiка Iгар Жалязоўскi быў зняты з пасады кiраўнiка Беларускага саюза канькабежцаў.
“З расiйскай фiрмы, нягледзячы на ўсё, яго таксама звольнiлi”, — паведамiла карэспандэнту “Народнай волi” жонка Iгара Жалязоўскага Таiсiя.
Сам Iгар, якому мы патэлефанавалi ў Маскву, пакуль ад каментарыяў устрымаўся: “Прыеду ў Мiнск — тады ўсё раскажу. Пакуль трэба асэнсаваць тое, што здарылася”.