|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Браніслаў Вільдштайн: «Людзі павіны ведаць імёны даносчыкаў» 13:37, 01/11/2005 Калі год таму Вільдштайн выцягнуў з кампутараў Інстытута Нацыянальнай Памяці (ІНП) спіс каталога са 160 тысячаў імёнаў з архіваў упраўленне бяспекі (УБ), і перадаў сваім калегам-журналістам – падняўся вялікі агульнанацыянальны скандал. “Спіс Вільдштайна”, ці як яго таксама ахрысцілі медыі “убэцкі спіс” быў размешчаны ў інтэрнэце і людзі пачалі знаходзіць там імёны знакамітасцяў, знаёмых, сяброў, сваякоў і нават свае імёны. Браніслав Вільдштайн стаў самай спрэчнай постаццю Польшчы – яму прыйшлося не толькі рэагаваць на абвінавачанні, але і тлумачыць, чаму грамадства павінна было атрымаць гэты спіс, і чаму краіна мусіць разлічыцца з уласнай гісторыяй. Мы спадзяемся, што калісьці тыя самыя пытанні, на якія цяпер адказвае нам польскі журналіст, будуць стаяць і перад беларускім грамадствам. Браніслаў Вільдштайн: – Абвінавачаняў было шмат! Аднойчы у тэлевізіі журналіст сказаў: “Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: злодзей ёсць злодзеем, і вы – злодзей, таму што вы скралі той спіс. Таму вы злодзей, хоць і журналіст”. Гэта было абсалютнае глупства! Спіс не быў сакрэтны. Я падкрэсліваю, гэта не спіс агентаў, гэта проста адкрыты каталог архіва, там толькі імёны і нумар, пад якім знаходзяцца сабраныя на канкрэтных людзей дакументы. З самога спіса нельга зрабіць выснову, ці гэты чалавек функцыянер палітычнай паліцыі, ці агент, ці нават кандыдат на агента (які можа і не ведаць, што быў такім кандыдатам), ці нават пацярпелы. Я спытаўся ў супрацоўнікаў ІНП, ці можна зкапіраваць спіс. Мне сказалі, так, можна перапісаць. Я не перапісваў ад рукі, а скарыстаў электронныя сродкі і вынес той каталог. Для таго каб толькі паказаць калегам: “тут ёсць цікавыя прозьвішчы, займіцеся гэтым”! – Ці прадбачылі тую рэакцыю грамадства, якая паследуе пасля публікацыі гэтага спіса? – Я ведаў, што будзе скандал, але што такі! На такім узроўні! Што я адразу стану такой “зоркай” медыяльнай, што з’яўлюся ва ўсіх польскіх газетах, тэлеканалах, радыё. А таксама ў медыях загранічных – і ім я даваў інтэрв’ю. Гэта мяне страшна здзівіла. Адно пытанне, каторае з’явілася ў мяне, а што напраўду адбылося?! Што я зрабіў? Не, нават болей: ці мажліва, што за тое, што ты паказаў калегам яўны асабовы каталаг – яўны! – мажлівая такая бура?! Немажліва! І таксама немажліва, што гэтым спісам былі скампрамітаваныя невінаватыя людзі! – Я задам пытанне, каторае, напэўна было самым частым: ці варта цяпер, праз 16 год, каб грамадства даведвалася імёны агентаў? Гэта мінулася, УБ расфармаванае, даносчыкі сталі прыстойнымі абывацелямі, урэшце рэшт, яны маюць сем’і, дзяцей, унукаў, каторыя, пэўна і ня ведалі пра гэты ганебны момант біяграфіі роднага чалавека. Навошта? – Па-першае, я за тое, каб праўда пра такія рэчы была абсалютна адкрытая. Падумайце самі над формай пытання: мы клапоцімся сітуацыяй маральнасці чалавека, які быў данасіцелем, агентам! Мы клапоцімсяі, ці не будзе ён пачувацца кепска, калі ўсе даведаюцца, што ён агент! Праўда?! Чаму ж мы тады не баімся абвяшчаць імёны злачынцаў, забойцаў? А раптам іх сем’ям таксама будзе прыкра! І ці ўзгадваем мы пра боль тых, хто нявіна пацярпеў ад тых агентаў?! Калі хтосьці даносіў – ён мусіць несці за гэта адказнасць. Іх не карае закон, але маральнае пакаранне павінна быць. Не павінна быць так, што людзі, каторыя пераследвалі нявінных, каторыя ламалі жыццё іншым, разбурылі шмат сем’яў, зрабілі рэальнае зло – каб тыя людзі не толькі не панеслі адказнасць, але каб пра гэта нават не было вядома! А тым больш, каб у сучасным грамадстве яны зрабіліся паважанымі людзьмі, дзеячамі, ці нават маральнымі аўтарытэтамі. Па-другое, на пытанне “навошта”, я адкажу так – а для чаго грамадства мае ня ведаць? Калі мы галасуем за пэўных асобаў, то мы мусім фундаментальныя рэчы пра іх мець. Я не за тое, каб выцягваць нешта асабістае, але калі хтосьці быў супрацоўнікам спецыяльных службаў камуністычных – то гэта істотная інфармацыя. – Калі з’явіўся “спіс Вільдштайна”, вы былі публіцыстам газеты“Rzeczpospolita”. І калі разгарэўся скандал, вас зволілі. Вы не пашкадавалі пра тое, што так адбылося? – Не, я не дапускаў, што гэта будзе так рэзка. Гэта здарылася пасля таго, як “Gazeta Wyborcza” напісала артыкул “Убэцкі спіс ходзіць па Польшчы”. Пасля мяне запыталася тэлевізія, ці гэта зрабіў я – адказаў “так, гэта я”. Рэдактар маёй газеты на наступны дзень напісаў, што падтрымлівае мяне і абвесціў публічныя дэбаты, але праз дзень “у рамках дэбатаў” выгнаў мяне з працы. Адразу падняўся такі вялікі пратэст: мітынгі каля рэдакцыі, лісты ад журналістаў, што гэта было мне маральнай кампенсацыяй. Я атрымаў некалькі прапановаў працы, але тыгоднік “Wprost” – быў найлепшай. “Rzeczpospolita”– гэта штодзённая газета, і мне троху не хапае таго рэжыму працы. Але цяпер на сваю былую рэдакцыю я гляжу зверху. (Рэдакцыя “Wprost” – на верхніх паверхах шклянога хмарачоса, і вокны кабінета Вільдштайна выходзяць як раз на рэдакцыю “Rzeczpospolita”, што знаходзіцца ў 50 метрах у невысокім будынку пачатку 20-го стагоддзя.) – Як перажыла ўсё гэта вашая сям’я? – Мае сыны былі захоплены, ім вельмі падабалася, што рабілася навокал! Але жонка вельмі нэрвавалася. Не з-за самой справы, а з-за таго, як гэта рабілася: без перапынку па радыё, па тэлевізіі апісывалася, які я непрыстойны, паскудны. Было аналізаванне – што я ўсіх ненавіжу, што я варвар, што я бальшавік, хворы чалавек. “Фанатык” – гэта было яшчэ лагодна! Былі, канешне, пагрозы, тэлефонныя і ў лістах. І гэта вельмі мардавала жонку. Але станоўчых каментароў было болей. Суседзі паставіліся вельмі пазітыўна, я нават цешыўся – чаплялі нас на вуліцы, віншавалі. Рэакцыя паказала, што большасць за мяне. – Кожны паляк, які мае падставы меркаваць, што ён пацярпеў ад спецслужбаў, склаўшы заяву ў ІНП, можа атрымаць дакуметы, якія у свой час УБ назбірала на яго. Вы самі бачылі свае тэчкі, ведаеце, хто даносіў на вас? – Так, мы нават апублікавалі іх прозвішчы. Адзін з іх – знакаміты ў Польшчы журналіст, працаваў у “Gazeta Wyborcza”. Ён быў маім добрым прыяцелем. Мы зналіся… неверагодна, напэўна 30 год! Я ў 70-х гадах быў удзельнікам апазіцыйнага асяродка ў Кракаве, у 1977 годзе мы заснавалі студэнцкі камітэт “Салідарнасці”. У 80-я выдавалі падпольныя газеты і рабілі іншыя падобныя справы. Мае сябры пасля былі мардаваныя паліцыяй, мяне таксама арыштоўвалі…Мы цяпер займаемся рознымі справамі, але падтрымліваем кантакты… З тым чалавекам, якога я лічыў сваім прыцелем, мы тады жылі разам у адным пакоі, мелі агульныя грошы і агульныя справы... Пасля ў сваіх тэчках я пабачыў, як ён пісаў у паліцыю інструкцыю, што яны мусяць зрабіць, каб мяне “зладзіць”. Ня ў тым сэнсе, каб забіць, але каб пасадзіць у турму па крымінальнаму абвінавачанню. Гэта былі не адказы на пытанні, а ягоныя прапановы з уласнай ініцыятывы! – Вашая справа дала плён, Канстытуцыйны трыбунал Польшчы на мінулым тыдні зняў яшчэ адно абмежаване для доступу у архівы УБ. Здаецца, у Польшчы працэс рассакрэчвання – незваротны. Але спісы, падобныя “спісу Вільдштайна” цяпер будуць з’яўляцца часцей. І Беларусь таксама будзе перажываць сваю люстрацыю і свае “гэбэшныя” спісы. Пра што варта памятаць у такіх сітуацыях? – Самі спісы няшмат пра што гавораць, таму што шлях у агенты – вельмі розны… Канешне, былі сярод “убэкаў” тыя, хто пайшоў на гэта з уласнай ініцыятывы – даносіў і атрымоўваў грошы. Але хтосьці, будучы агентам, імкнуўся выкараскацца з гэтага абавязку. Былі людзі, якія падпісалі агенцкую ўмову, але ніводнага разу не данеслі. Былі і тыя, чыё становішча выкарысталі функцыянеры УБ і прымусілі да даносаў. Я кажу яшчэ раз: сам спіс мала што дае, трэба кожны раз глядзець, што на самой справе зрабілі тыя людзі – і менавіта за гэта яны мусяць несці адказнасць перад грамадствам. І трэба адстойваць права грамадства ведаць. Гэта – наша памяць. Усе гісторыкі згаджаюцца, што найвялікшай і найлепшай крыніцай інфармацыі пра нашую найноўшую гісторыю – ёсць тыя архівы. І адбіраць у грамадства гэтую інфармацыю – злачынства. Канешне, гэтае мінулае балючае. Але калі мы адмаўляемся права ведаць яго – мы адмаўляемся ад дэмакратыі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|