Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У нядзелю 30 кастрычніка Беларуская грамада Антвэрпана разам з усёй патрыятычнай Беларусьсю адзначыла Дзяды. Перад набажэнствам у царкве група вернікаў разам са сьвятаром наведала ваенныя могілкі ў Лёвэне, дзе на магіле выбітнага беларускага кампазітара Міколы Равенскага была адпраўлена паніхіда за спачын ягонае душы і душаў усіх прашчураў-дзядоў Беларускага народу. У сваёй прамове сп. Зьміцер Піменаў, старшыня Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня, зазначыў, што ў беларусаў Бэльгіі стала добрай традыцыяй ў дні ўспаміну былых пакаленьняў змагароў за волю Бацькаўшчыны зьбірацца на гэтым сьвятым месцы, дзе спачывае адзін з ганаровых сыноў Беларусі.
Таксама ён выказаў шчырую падзяку жывому Дзеду – сп. Янку Жучку, які нягледзячы на недамаганьне прыехаў памаліцца за свайго настаўніка і ўсіх калегаў, што ўжо адышлі на вечны адпачынак.
Напярэдадні магілка і помнік сьвятое памяці Міколы Равенскага былі прыведзены ў парадак высілкамі антвэрпансккае грамады. На магіле быў запалены зьнічык і ўскладзены белыя і чырвоныя кветкі – колеры нашае народнае памяці і свабоды.
Пасьля наведваньня могілак ў Беларускай царкве ў Антвэрпане была адпраўлена Боская Літургія ў інтэнцыі ўсіх ад веку супачылых прашчураў. А пасьля Літургіі, як сымбаль вечнасьці і пераемнасьці жыцьця, ў царкве адбылося Вянчаньне Шлюбу. Сівыя Дзяды бласлаўляюць працяг роду...