Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
І зноў суд з беларускай прапагандай 10:25, 09/11/2005
Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валерый Вышкевіч падаў пратэст на рашэньне суду Першамайскага раёну Менску. Судзьдзя палічыў, што суд першай інстанцыі няправільна выкарыстаў заканадаўства і неабгрунтавана задаволіў частку іскавых патрабаваньняў ГА “Воля да разьвіцьця” (г. Слонім) супраць Белтэлерадыёкампаніі аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі яго старшыні Міхася Варанца і аб абароне дзелавой рэпутацыі гэтага грамадзкага аб’яднаньня.
Нагадаем, што 14 лютага бягучага году суд Першамайскага раёну Менску пад старшынствам судзьдзі Лідзіі Целіцы часткова задаволіў гэты іск грамадзкага аб’яднаньня. Суд прызнаў, што распаўсюджаныя 16 сакавіка 2004 г. у праграме БТ “Панарама” зьвесткі пра грамадзкае аб’яднаньне “Воля да разьвіцьця” зьяўляюцца хлусьнёй. У прыватнасьці, суд абавязаў дзяржаўнае тэлебачаньне абвергнуць зьвесткі пра тое, што пад шыльдай грамадзкага аб’яднаньня ажыцьцяўлялася дзейнасьць “рэсурсовага цэнтру, мэтай якога было фінансаваньне апазыцыйных структураў, якая суправаджалася значнымі падатковымі парушэньнямі і няправільнай выплатай падаткаў”.
Нягледзячы на тое, што рашэньне суду не абавязвала Белтэлерадыёкампанію выплаціць М. Варанцу і ГА “Воля да разьвіцьця” грашовую кампэнсацыю нанесеных стратаў, адказчык адмовіўся выконваць судовае рашэньне. Нават пасьля таго, як касацыйная інстанцыя прызнала абгрунтаванасьць прысуду, дзяржаўнае тэлебачаньне не агучвала абвяржэньне, што нават прывяло да накладаньня на кіраўніцтва БТ адміністратыўнага штрафу за невыкананьне рашэньня суду. Юрысты БТ падавалі адну за адной наглядныя сткаргі, і, у рэшце рэшт, гэта прынесла ім вынік.
Трэба адзначыць, што судзьдзя Вышкевіч лічыцца ў Вярхоўным судзе спэцыялістам у галіне рэпрэсіяў супраць СМІ і грамадзкіх арганізацыяў. Ён удзельнічаў у перасьледзе газэты “Народная воля”, іншых незалежных выданьняў, а таксама Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Руху за тэрытарыяльнае самакіраваньне і прафсаюзу студэнтаў “Салідарнасьць”.
Згодна з пратэстам В. Вышкевіча, наглядная справа будзе разгледжаная Прэзыдыюмам Менскага гарадзкога суду. Судовае паседжаньне прызначанае на 9 лістапада, пачатак а 14-й гадзіне па адрасе: Менск, вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1, нагадвае www.belngo.info