Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На запрашэньне Партыі БНФ з трохдзённым візытам у Беларусі знаходзяцца дэпутаты швэдзкага Рыксдагу ад Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Анэлі Энаксан і Торстэн Ліндстрэм. Яны правялі перамовы з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, мелі сустрэчы ў офісе АБСЭ ў Менску і аддзяленьні швэдзкай амбасады, наведалі Курапацкі мэмарыял. З дэпутатамі нелегітымнана беларускага “нацыянальнага сходу” яны не сустракаліся.
Дэпутатка Рыксдагу Анэлі Энаксан наведвае Беларусь ужо трэці раз. Летась яна была міжнароднай назіральніцай на парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме. Паводле спадарыні Энаксан, для яе вельмі важна зноў прыяжджаць у Беларусь, каб падкрэсьліць увагу, якая надаецца гэтай краіне на Захадзе, і каб адсачыць, ці ёсьць тут прагрэс у захаваньні фундамэнтальных правоў чалавека.
“На жаль, я ня бачу ніякіх паляпшэньняў у пляне свабоды рэлігіяў і правоў чалавека. Я хацела б, калі я прыеду наступным разам, пабачыць, што тут паболела свабоды веравызнаньня. Для мяне гэта вельмі важна, бо найважнейшым знакам дэмакратыі зьяўляюцца менавіта рэлігійныя свабоды і правы чалавека. Але тут, у Беларусі, падзеі разьвіваюцца ў няправільным кірунку, пра што мне вельмі шкада казаць”, -- паведаміла дэпутатка “Радыё Свабода”.
Спадарыня Энаксан ня лічыць вольным мінулы рэфэрэндум, які даў магчымасьць А.Лукашэнку абірацца на трэці тэрмін, але мяркуе, што прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць важнай кампаніяй.
“Я вельмі рада была пачуць, што будзе добры апазыцыйны кандыдат. Я лічу вельмі важным, што Аляксандар Мілінкевіч будзе адзіным кандыдадам ад усёй апазыцыі. Гэта вельмі добры крок наперад”, -- лічыць спадарыня Энаксан.
11 лістапада швэдзкія дэпутаты наведалі мэмарыял у Курапатах.
“Гэта было для нас вельмі моцным выпрабаваньнем, такім шчыльным набліжэньнем да гісторыі, да трагедыі гэтых жудасных забойстваў. Мы гэта так рэальна адчувалі, калі стаялі там у лесе. Гэта знак таго, чаго б мы не хацелі болей бачыць нідзе ў сьвеце, ня толькі ў Беларусі”, -- распавёў дэпутат Торстэн Ліндстрэм.