Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
35 дзён галадае за кратамі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч 10:42, 18/11/2005
У турме галадоўніка наведалі тры мэдыкі з мэтай правесьці псыхіятрычную экспэртызу, але ён адмовіўся адказваць на іхнія пытаньні. Тым часам турэмнае начальства не рэагуе на просьбы шпіталізаваць арыштаванага з увагі на ягонае здароўе.
17 лістапада ў Мікалая Аўтуховіча ў турме былі адвакаты Надзея Станкевіч і Галіна Іванова. Адвакат Станкевіч паведаміла “Радыё Свабода”, што адказу на сваё хадайніцтва зьмясьціць Аўтуховіча ў шпіталь і аказаць яму неадкладную мэдычную дапамогу яна не атрымала ад панядзелка да цяперашняга часу. У яе стварылася ўражаньне, што турэмнае начальства чакае, пакуль ён сам ня скончыць галадаць. Аднак адвакаты лічаць, што выйсьці безбалесна з такой працяглай галадоўкі самастойна немагчыма.
Мікалай Аўтуховіч расказаў адвакатам, што яму зрабілі аналізы і зьмерылі тэмпэратуру, сказаўшы, што стан здароўя ў яго больш-менш нармальны. У вязьня склалася ўражаньне, што турэмнае начальства сумняецца ў тым, ці ён па-сапраўднаму галадае. Хаця ён адмовіўся ад ежы, п’е толькі ваду і сядзіць не адзін: у камэры памерам два з паловай мэтры на тры разам зь ім чатыры чалавекі.
Стан Мікалая Аўтуховіча вельмі непакоіць яго ваўкавыскіх калегаў, якія галадаюць у ягоную падтрымку.
“Мая галадоўка выкліканая нялюдзкімі адносінамі да чалавека ў нашай дзяржаве. Павінны быць нейкія разумныя межы аказаньня ціску на грамадзяніна, асобу. Мне незразумелая сама сутнасьць узяцьця пад варту Аўтуховіча”, -- гаворыць Юры Лявонаў, дырэктар прадпрыемства “Ніка-транс”.
Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкулу 243, ім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць, паведамляе "Радыё Свабода".
Мікалай Аўтуховіч за два гады правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы таксовак, таму акцыі рабіліся масавымі, у іх удзельнічалі больш за трыццаць чалавек. Першая галадоўка адбылася ў кастрычніку 2003 году, другая — увесну сёлета, апошняя — пры канцы верасьня. Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў, накладзеных падатковай службай, а два гады таму і супраць арышту таксовак, якія яму належаць. Спадар Аўтуховіч таксама змагаўся за скасаваньне штрафных санкцыяў, якія дасягнулі амаль мільёну даляраў, у судах. Пры канцы верасьня Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіў накіраваць справу прадпрымальніка на новы разгляд, і ён спыніў галадоўку. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу.