Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч: «Прымусовага размеркавання выпускнікоў у новай Беларусі не будзе» 10:26, 18/11/2005
“Прымусовага размеркавання выпускнікоў у новай Беларусі не будзе”, - заявіў Аляксандр Мілінкевіч 17 лістапада ў Мінску на рабочай сустрэчы са студэнтамі сталічных ВНУ. “Прымусу быць не павінна. Сёння, кідаючы маладых спецыялістаў на самыя нізкааплочваемыя работы, дзяржава імкнецца схаваць свае пралікі і неэфектыўнае кіраванне эканомікай. Студэнты беларускіх ВНУ з’яўляюцца закладнікамі гэтай сістэмы”.
На Дзень студэнта 17 лістапада Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі ад аб’яднаных дэмакратычных сіл сустрэўся са студэнтамі мінскіх ВНУ і прадставіў сваё бачанне вырашэння студэнцкіх праблем і перспектыў развіцця адукацыі ў Беларусі.
На сустрэчу, з нагоды Дня студэнта Аляксандра Мілінкевіча запрасілі аўтары і наведвальнікі беларускага інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурса www.studenty.by.
Ініцыятыву сустрэцца з адзіным прэтэндэнтам патлумачыла Вольга Кузьміч, каардынатарка www.studenty.by: “Аляксандр Мілінкевіч, дасведчаны палітык, які да таго ж мае за плячыма 25 год выкладчыцкай працы. Мы, прадстаўнікі беларускага студэнцтва, менавіта з ім звязваем нашыя надзеі на вырашэнне самых актуальных студэнцкіх праблем”.
Студэнты перадалі Аляксандру Мілінкевічу спіс праблем, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Сярод іх і працаўладкаванне моладзі і нізкія стыпендыі, з якіх адміністрацыі навучальных установаў часта яшчэ патрабуюць адлічэнняў на патрэбы унівесітэтаў альбо на будаўніцтва бібліятэк. Таксама, на думку студэнтаў, дзяржава павінна забяспечыць “Права на вольны выбар навучання адпаведна дзяржаўнаму заканадаўству. Навучанне на беларускай мове з’яўляецца натуральным правам любога студэнта», - адзначаецца ў спісе.
Студэнты выказалі спадзяванне, што ў новай Беларусі з навучальных установаў знікне “адзіная і абавязковая” ідэалогія, навучэнцы атрымаюць права на свабоду меркаванняў. А таксама будзе дзейнічаць рэальны, а не дэкаратыўны інстытут студэнцкага самакіравання.