Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новы дэкрэт Лукашэнкі істотна абмяжоўвае выезд студэнтаў за мяжу 10:22, 24/11/2005
Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы дэкрэт, які ўносіць зьмены і дадаткі ў ягоны сакавіцкі дэкрэт “Аб некаторых мерах дзеля супрацьдзеяньня гандлю людзьмі”. Цяпер арганізацыі, што займаюцца кароткатэрміновым працаўладкаваньнем студэнтаў за мяжой, павінны мець адпаведную ліцэнзію, а выяжджаць у іншыя краіны для ўдзелу ў спартовых альбо культурных мерапрыемствах навучэнцы змогуць толькі з дазволу Міністэрства адукацыі. Праваабаронцы лічаць, што такім чынам улады мацуюць жалезную заслону вакол Беларусі.
У новым дэкрэце №15, у прыватнасьці, адзначаецца, што арганізацыі, якія займаюцца працаўладкаваньнем беларускіх студэнтаў за мяжой у часе летніх вакацыяў, мусяць атрымаць адмысловую дзяржаўную ліцэнзію. Пры гэтым неабходная згода Міністэрства адукацыі па кожнай канкрэтнай студэнцкай праграме.
У сакавіцкім дэкрэце ўжо было замацаванае палажэньне, згодна зь якім выезд студэнтаў на вучобу за мяжу можа адбывацца толькі са згоды Мінадукацыі. У новым жа дакумэнце рэгулюецца нават працэдура кароткатэрміновых выездаў студэнтаў і навучэнцаў для ўдзелу ў спартовых ці культурных мерапрыемствах. На іх цяпер таксама трэба мець дазвол Міністэрства адукацыі альбо мясцовых органаў выканаўчай улады.
“Адназначна відаць, што беларускія ўлады працягваюць палітыку самаізаляцыі краіны. Спрабуюць абмежаваць адукацыйныя, навучальныя, грамадзкія кантакты моладзі. Беларускія ўлады баяцца дэмакратычных уплываў, якія студэнты, навучэнцы, натуральна, прывязуць з-за мяжы, убачыўшы іншы ўзровень адносінаў у грамадзтве, чым той, які на сёньняшні дзень склаўся ў Беларусі”, -- паведаміў “Радыё Свабода” старшыня ліквідаванага ўладамі цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі таксама адзначыў, што ўлады спрабуюць усталяваць татальны кантроль за ўсім у Беларусі, нават за асабістым жыцьцём грамадзянаў.