Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура закрыла крымінальную справу супраць Гары Паганяйлы 16:16, 28/11/2005
Сталічная пракуратура закрыла крымінальную справу супраць вядомага праваабаронцы, намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы, якога падазравалі ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі і высокапастаўленых чыноўнікаў. Пра гэта праваабаронцу паведамілі ў Менскай гарадзкой пракуратуры. Там прызналі, што не знайшлі ў дзеяньнях спадара Паганяйлы складу злачынства.
Падазраваным у паклёпе Гары Паганяйла стаў у лістападзе 2004 году. Напярэдадні ён даў інтэрвію швэдзкім тэлежурналістам, у якім зьвярнуў увагу на тое, што пад уплывам чыноўнікаў з найбліжэйшага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі фактычна замаруджанае расьсьледаваньне крымінальных справаў аб выкраданьні апазыцыйных палітыкаў. Як вынік, Гары Паганяйла сам быў абвінавачаны ў тым, што нібыта зьдзейсьніў крымінальнае злачынства. Яму пагражала да пяці гадоў зьняволеньня.
“У маіх дзеяньнях адсутнічаў склад злачынства. Я нідзе і ніколі не сьцьвярджаў, што вінаватымі ёсьць пэўныя асобы, а толькі выказваў падазрэньні. Свае падазрэньні я матываваў зьвесткамі з адкрытых крыніцаў і зьвесткамі сьледзтва і судоў. Гэтыя зьвесткі былі атрыманыя мной як абаронцам ахвяраў зьнікненьняў, таму маю прафэсійную дзейнасьць немагчыма было патрактаваць як паклёп”, -- паведаміў Гары Паганяйла “Радыё Свабода”.
Справа праваабаронцы Гары Паганяйлы ўсё ж хутчэй выключэньне з агульнага правіла. Дагэтуль большасьць крымінальных справаў паводле артыкулу аб паклёпе на прэзыдэнта заканчваліся абвінаваўчымі прысудамі. Гэтак былі асуджаныя гарадзенскія журналісты Павал Мажэйка і Мікалай Маркевіч, а таксама прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў.