Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польскі прэм`ер сустрэўся з лідарам Саюза палякаў Беларусі 10:26, 28/11/2005
Прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч прыняў 25 лістапада ў Варшаве непрызнаваную афіцыйным Менскам старшыню СПБ Анжаліку Борыс. Пасьля сустрэчы кіраўнік польскага ўраду заявіў, што ў Польшчы працягнецца праца над “картай паляка” у тым ліку і для грамадзянаў Беларусі.
Пасьля сустрэчы з кіраўніком польскага ўраду, якая была закрытай для мэдыяў, спадарыня Борыс паведаміла “Радыё Свабода”:
“Прэм’ер-міністар заявіў, што Польшча будзе дапамагаць нам, што ўрад вернецца да разгляду пытаньня аб “карце паляка”. Будзе створаная пасада адмысловага ўпаўнаважанага ўраду ў справах дапамогі палякам на ўсходзе, асабліва ў Беларусі”.
Працы над “картай паляка”, на ўзор “карты вугорца”, што Вугоршчына дае румынскім вугорцам, пачалася яшчэ ў Сэнаце мінулага скліканьня. “Карта паляка” павінна была быць нечым накшталт “нацыянальнай візы”, якая сьведчыць аб тым, што продкі яе ўладальніка ці ён сам некалі мелі польскае грамадзянства і належаць да польскага народу.
Прапаноўвалася таксама даць шэраг льготаў на ўезд і, прыкладам, вучобу ўладальнікам “карты паляка” ў Польшчы.
Між тым сам Казімеж Марцінкевіч заявіў, што ў часе сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых краінаў Эўразьвязу ўжо закранаў пытаньні сытуацыі ў Беларусі. Паводле ягоных словаў, усе справы, зьвязаныя зь Беларусьсю, павінны вырашацца менавіта на ўзроўні кіраўніцтва Эўзразьвязу, а Брусэль мусіць яшчэ больш актыўна цікавіцца беларускай сытуацыяй.
Польскі прэм’ер, аднак, не адказаў наўпрост на пытаньне журналістаў, ці будзе Варшава дамагацца ўвядзеньня эмбарга на імпарт беларускіх тавараў у краіны Эўразьвязу.