Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Праваабаронцы Беларусі супраць увядзеньня палітычных артыкулаў у крымінальнае заканадаўства 14:38, 28/11/2005
25 лістапада 2005 год так званая «палата прадстаўнікоў» прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаньні ўзмацненьня адказнасьці за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі”, які ў тэрміновым парадку быў унесены А. Лукашэнкам да разгляду парламенту.
Дадзены законапраект прадугледжвае ўнясеньне дапаўненьняў і зьменаў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Так, у прыватнасьці, згодна з дадзеным законапраектам, у дзеючы Крымінальны кодекс плануецца ўнесьці шэраг новых артыкулаў: незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці; дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых артыкулаў падобнага кшталту.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончага руху Беларусі, заяўляем наступнае:
Прапанаваныя зьмены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь супярэчаць ня толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і міжнародным актам у галіне правоў чалавека, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь: Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднай дэкларацыі правоў чалавека, асноўным прынцыпам АБСЕ. Дадзеныя зьмены парушаюць такія асновапалагаючыя прынцыпы правоў чалавека, як свабода меркаваньняў і перакананьняў, свабода атрыманьня і распаўсюду інфармацыі, свабода слова, свабода асацыяцыяў і інш.
Мы глыбока перакананыя, што гэты законапраект носіць выключна рэпрэсіўны характар, скіраваны на запалохваньне грамадзянаў краіны напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў. На фоне агульнага пагаршэньня сітуацыі з правамі чалавека, фактычнай ліквідацыі незалежных СМІ, гэтыя зьмены дзеючага крымінальнага заканадаўства прывядуць да яшчэ большага ўзмацненьня палітычных рэпрэсіяў, увергнуць Беларусь у найгоршыя часы савецкага таталітарызму.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад Аляксандра Лукашэнкі адклікаць прапанаваныя ім зьмены ў заканадаўчыя акты, ад “нацыянальнага сходу” – не прымаць унесены Лукашэнка законапраект. Мы зьвяртаемся да да прадстаўнікоў беларускай і міжнароднай грамадзянскай супольнасьці, міжнародных арганізацыяў з заклікам прыняць усе магчымыя меры ўзьдзеяньня на кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з мэтай недапушчэньня ўвядзеньня ў дзеяньне прапанаванага палітычна матываванага, рэпрэсіўнага законапраекту.