Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мікалая Аўтуховіча трэба пераводзіць з турмы ў шпіталь 12:50, 29/11/2005
Арыштаванага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча агледзеў кансыліюм дактароў, які прызнаў, што ягоны стан пасьля 46 дзён галадоўкі вельмі сур`ёзны. Яны адзначылі, што калі ён ня згодзіцца легчы пад кропельніцу і ня скончыць галадоўку, яго варта будзе пакласьці ў шпіталь, перадае “Радыё Свабода”.
Паводле адваката Галіны Івановай, калі будзе прынятае рашэньне наконт шпіталізацыі, галадоўніка хутчэй за ўсё павязуць у Менск у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Яна лічыць, што ў такім паважным стане яго пабаяцца надалей трымаць у сьледчым ізалятары турмы. Дактары, якія агледзелі Аўтуховіча, свае высновы накіруюць ня толькі кіраўніцтву турмы, але таксама сьледчаму упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў, якое за яго сёньня адказвае, а таксама ў пракуратуру, якая мае ажыцьцяўляць нагляд за сьледзтвам.
Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.