Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Моладзь з 15 краінаў Эўропы пратэставала каля амбасады Беларусі ў Вільні 13:43, 01/12/2005
У розных краінах Эўропы працягваюцца акцыі у падтрымку студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяны Хомы, якую выключылі з ВНУ за паездку у Францыю, дзе яна была абраная у раду міжнароднай студэнцкай арганізацыі – Нацыянальнага зьвязу студэнтаў Эўропы. У Вільні напярэдадні адбыўся пікет каля будынка амбасады Беларусі.
Акцыю ладзіў Літоўскі саюз студэнцкіх прадстаўніцтваў, буйнейшая літоўская студэнцкая арганізацыя, якая ў мінулым месяцы арганізавала шматтысячны мітынг студэнтаў у Вільні. Удзельнічалі ў акцыі некалькі дзесяткаў чалавек з 15 эўрапейскіх дзяржаваў – Літвы, Кіпру, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Украіны ды іншых краінаў, у тым ліку і зь Беларусі. Усе яны прыехалі у Вільню на канфэрэнцыю моладзевых лідэраў.
Студэнты тлумачылі, што гэта акцыя пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, і што яны абураныя выключэньнем з ВНУ актыўнай студэнткі, якая ўдзельнічае ў міжнародным студэнцкім руху. Моладзь трымала лісты шпалераў з малюнкам цаглянага мура – як сымбаль “дзяржаўнага мура”, а на ім – плякаты на розных мовах з надпісам “Свабоду руху!” і бел-чырвона-белы сьцяг.
Прэзыдэнт Саюзу студэнцкіх прадстаўніцтваў Вячаславас Палькявічус паведаміў «Радыё Свабода», што яны будуць прасіць міністра адукацыі і навукі Літвы, каб той, паводле прыкладу свайго калегі са Швэцыі, таксама зьвярнуўся да рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту і заклікаў яго не выключаць студэнтку з-за паездкі на міжнароднае студэнцкае мерапрыемства.
Пікетам цікавіліся прадстаўнікі і літоўскіх, і замежных сродкаў масавай інфармацыі, у іх ліку журналісты з “NewYork Times”, агенцтва “Reuters”.