Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Агульнымі намаганнямі абаронім свабоду слова ў Беларусі 13:40, 07/12/2005
Беларускія ўлады, выкарыстоўваючы ўсю моц адміністратыўнага рэсурсу, перайшлі да апошняга этапу знішчэння дэмакратычнай прэсы. Цяпер у Рэспубліцы Беларусь яшчэ застаецца каля паўтара дзесяткаў незалежных грамадска-палітычных газет агульным штотыднёвым накладам да 300 тысяч асобнікаў. Некаторыя з іх ужо сёння не могуць друкавацца ў беларускіх друкарнях (друкуюцца ў суседніх дзяржавах), іх адмаўляюцца рэалізоўваць праз раздробны гандаль. А цяпер дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст “Белпошта” ў аднабаковым парадку адмовіла ў прадастаўленні паштовых паслугаў практычна ўсім незалежным выданням. Пасля “Белпошты” атаку на незалежныя СМІ працягнула яшчэ адно дзяржаўнае прадпрыемства – “Белсаюздрук”, якое не пралангавала дамоваў на распаўсюд раздробных накладаў практычна ўсіх незалежных газет.
Лічым, што сваімі дзеяннямі дзяржаўныя прадпрыемствы “Белпошта” і “Белсаюздрук” дапусцілі свавольства. Парушаныя канстытуцыйныя правы грамадзян на свабоду слова, атрыманне і распаўсюд інфармацыі (артыкулы 33, 34 Канстытуцыі РБ). Фактычна дэзавуяваны артыкул 3 Закона РБ “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, якая гарантуе свабоды друку і дэкларуе падтрымку дзяржавай усіх сродкаў масавай інфармацыі. Парушаныя таксама патрабаванні Закона РБ “Аб паштовай сувязі”, які абавязвае прадпрыемства “Белпошта” распаўсюджваць прадукцыю перыядычных друкаваных выданняў.
Упэўненыя, што за гэтымі супрацьзаконнымі дзеяннямі “Белпошты” і “Белсаюздруку” хаваюцца сапраўдныя намеры беларускіх уладаў правесці татальную “зачыстку” інфармацыйнай прасторы перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года. Дзяржаўным ідэолагам неабходна знішчыць любы альтэрнатыўны пункт гледжання на тое, што адбываецца і будзе адбывацца ў краіне ў найбліжэйшы час.
Назіраецца далейшае ўзмацненне адказнасці грамадзян за праявы нелаяльнасці да дзейнай улады. Прыкладам таму - прынятыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, згодна з якімі ўводзіцца адказнасць за так званую “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”.
Апошнія падзеі ў сферы свабоды СМІ сведчаць пра тое, што беларускія ўлады самаўхіліліся ад выканання сваіх канстытуцыйных абавязкаў і не прымаюць “неабходных захадаў для ажыццяўлення абароны правоў і свабодаў асобы” (арт. 59 Канстытуцыі).
Найноўшая гісторыя Еўропы не ведае падобных прыкладаў расправы з іншадумствам і свабодай слова. Беларусь, якая знаходзіцца на перасячэнні сусветных інфармацыйных плыняў, ператвараецца ў рэзервацыю адзінамыслення, дзе грамадзян мэтанакіравана замбуюць праз манапалізаваныя дзяржавай тэлебачанне, радыё і сотні шматтыражных выданняў.
Мы звяртаемся да нашых калег-журналістаў, да дэпутатаў парламентаў, да міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый з просьбай выкарыстоўваць свой аўтарытэт і магчымасці для ўздзеяння на беларускія ўлады з мэтаю змусіць іх да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў у галіне свабоды слова і самавыяўлення.
Спадзяемся, што агульнымі намаганнямі мы не дазволім канчаткова знішчыць незалежную прэсу ў Беларусі.
Прынята на паседжанні Праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”