Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі мастацкі авангард – у Празе 10:42, 12/12/2005
У самым цэнтры Прагі адкрылася міжнародная выстава-продаж працаў мастакоў актуальнага, ці авангарднага мастацтва. У ёй бяруць удзел творцы з Францыі, Нямеччыны, Даніі, Чэхіі, Польшчы, Славаччыны, Расеі, Украіны. Сэрбіі. Беларусь на ёй прадстаўляюць Уладзімер Цесьлер і Артур Клінаў.
Артур Клінаў адказаў на пытанні “Радыё Свабода”:
-- Артур, ты бярэш удзел у выставе разам з эўрапейскімі мастакамі. Як выглядае авангарднае беларускае мастацтва ў эўрапейскім кантэксьце?
-- Сёньня ў Беларусі ёсьць вельмі цікавыя аўтары. Я абсалютна ўпэўнены, што яны могуць канкураваць на любой эўрапейскай сцэне. Але спэцыфіка Беларусі ў тым, што ў ёй няма цэласнага авангарднага мастацкага працэсу. Ёсьць аўтары, і ўсё трымаецца толькі на аўтарах, бо няма пляцовак, няма інфраструктуры для гэтага працэсу. У Эўропе гэта сур`ёзная індустрыя, на якую працуюць музэі, галерэі, куратары. Гэта можна параўнаць з фабрыкамі і заводамі.
І ў такой сытуацыі беларускія аўтары шукаюць для сябе пляцоўкі ў іншых краінах, найперш, краінах Эўрапейскага Зьвязу?
-- Так. І ў прынцыпе, з тых сур`ёзных аўтараў, якія ў Беларусі нешта рэальна робяць, большасьць працуе на эўрапейскіх сцэнах.
-- Яны пакідаюць Беларусь, ці, як вы, час ад часу проста ўдзельнічаюць у замежных выставах. імпрэзах?
-- Большасьць усё ж раней ці пазьней пакідае Беларусь. З маёй генэрацыі магу назваць толькі лічаныя адзінкі, хто застаўся. Цішын – у Бэльгіі, Кашкурэвіч – у Нямеччыне, у Бэрліне... Вялікая калёнія маладзейшых беларускіх мастакоў утварылася ў нямецкім Дзюсэльдорфе.
-- Каля вашых экспанатаў на гэтай выставе стаяць вельмі сур`ёзныя лічбы. Вы і Ўладзімір Цесьлер ацанілі свае творы вельмі дорага нават для эўрапейскіх калекцыянэраў. Спадзеяцеся, што нешта будзе куплена?
-- Думаю, што наўрад ці нешта будзе куплена. Найперш гэта выстава, арт-праект, а потым продаж. Калі нічога і ня купяць, ня будзе вялікай бяды. А з другога боку, тыя працы, якія я тут выставіў, у пэўным сэнсе ўжо даўно сталі хрэстаматыйнымі, гэта мая клясыка. І я не магу іх прадаваць танна. Спадзяюся, што рана ці позна я іх прадам за рэальны кошт. Але набудуць іх хутчэй за ўсё не прыватныя асобы, а музэі.