Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Студэнты БДЭУ, якія ня згодныя з загадам аб выключэньні адной зь лепшых студэнтак факультэта міжнародных эканамічных адносінаў Тацяны Хома, на працягу мінулых двух тыдняў зьбіралі подпісы ва ўнівэрсытэце ў падтрымку Тацяны. Калі подпісаў назьбіралася болей 500, студэнтаў пачалі выклікаць у дэканаты для правядзеньня тлумачальнай працы.
Сяброў Тацяны Хома, якія жывуць у інтэрнаце БДЭУ №3, наведаў чалавек, які назваўся Уладзімерам Мікалаевічам. Гэты ж самы чалавек сустракаўся і з Тацянаю ў дзень яе выключэньня 24 лістапада - яго цікавіла дзейнасьць ESIB, палітычная пазыцыя адносна Беларусі і іншае, паведамляе сайт www.studenty.by.
Так званы Уладзімір Мікалаевіч не называў сваё прозьвішча, але сказаў, што працуе ў выхаваўчым аддзеле. Але супрацоўнікі ўнівэрсытэта казалі пазьней, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Пры сустрэчы з сябрамі Тацяны Хома зь інтэрнату на мінулым тыдні, замест агульнай размовы з усімі адразу, гэты чалавек размаўляў па-асобку з кожнай са студэнтак. Яго цікавіла, якой дзейнасьцю займалася Тацяна Хома, куды іх запрашала, ці не займалася палітычнай агітацыяй. Таксама мужчына запытваўся, як студэнты ацэньваюць загад рэктара і ці зьбіраюцца ладзіць ці ўдзельнічаць у акцыях пратэсту.
Ва ўнівэрсытэце студэнтаў па-асобку выклікаюць у дэканаты, дзе тлумачаць правільнасьць загаду аб выключэньні Тацяны Хома і немэтазгоднасьць збору подпісаў ад студэнтаў супраць загаду. У загадзе аб выключэньні студэнткі асобным пунктам было загадана дэканам факультэтаў правесьці тлумачальную працу са студэнтамі. На мінулым тыдні прадстаўнікі дэканатаў падчас лекцыяў рабілі сустрэчы са студэнтамі, дзе тлумачылі ім, што БДЭУ - унівэрсытэт дзяржаўны і мусіць трымацца дзяржаўнай палітыкі, і ў зьвязку з гэтым рэктар мусіў адлічыць Тацяну Хома.
Яшчэ 1 сьнежня Тацяна Хома падала скаргу ў Міністэрства адукацыі на дзеяньні рэкатара БДЭУ Шымава па ейным выключэньні.
Нагадаем, адна студэнтка ФМЭА БДЭУ Тацяна Хома была адлічаная з унівэрсытэта 24 лістапада з фармулёўкай з-за "самавольнага і беспадстаўнага выезду ў Францыю і знаходжаньня яе ў гэтай краіне ад 11 да 14 лістапада 2005 году ў пэрыяд вучэбных заняткаў." Менавіта ў гэты час Тацяна Хома была абраная ў кіраўніцтва ESIB.
Тацяна Хома стала першай студэнткай, якая выключаная з такой фармулёўкай - самавольны выезд за мяжу. Нагадаем, што згодна з Канстытуцыяй Беларусі кожны грамадзянін мае права свабодна перамяшчацца ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i бесперашкодна вяртацца назад.