Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жанна Літвіна: Гэта яшчэ адна праява бязлітаснай палітычнай кампаніі 10:15, 15/12/2005
«Беларускія ўлады ўжо зрабілі бадай усе захады, каб пазбавіць беларускіх журналістаў магчымасці ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць, а цяпер пазбаўляюць такой магчымасці і нашых замежных калег. Гэта - яшчэ адна праява бязлітаснай палітычнай кампаніі, скіраванай на тое, каб звесці да мінімуму абарачэнне незалежнай інфармацыі ў Беларусі», -- заявіла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна з нагоды дэпартацыі польскай журналісткі Агнешкі Рамашэўскай.
-- Практыка дэпартацыі напачатку была апрабаваная на расійскіх журналістах - Аляксандры Ступнікаве і Паўле Селіне. Цяпер палітыка беларускіх уладаў у дачыненні да расійскай прэсы стала больш гнуткай: відаць, у абмен на лаяльнае стаўленне да сябе афіцыйны беларускі бок падпісвае дамовы з такімі вяшчальнымі кампаніямі, як ТВЦ і "Голос России".
Але адначасова з гэтым па-ранейшаму культывуецца ідэя пра тое, што ўсё Заходняе - "варожае". Усё недзяржаўнае, непадцэнзурнае набывае для ўлады характар "правакацыйнасці і недружалюбнасці". Сёння ў лексіцы дзяржаўнага кіраўніцтва прысутнічаюць такія вызначэнні, як "інфармацыйная вайна"; гаворыцца пра гатовасць Беларусі да "процідзеяння інфармацыйнай экспансіі Захаду" і г.д. Дзеянні ў дачыненні да польскай журналісткі з`яўляюцца лагічным следствам гэткага ўяўлення пра навакольны свет. Іх можна разглядаць і як адказ на актыўны ўдзел польскіх калег у акцыі "Свабода слова ў Беларусі", калі цэнтральныя польскія газеты выйшлі з зачарнёнымі першымі палосамі на знак пратэсту супраць цэнзуры.
Нам сёння як ніколі патрэбная ўзаемная падтрымка і салідарнасць. У гэтай сітуацыі ў першую чаргу яна патрэбная нашай польскай калезе Агнешцы Рамашэўскай, якая пацярпела за сваю прафесійную дзейнасць і наогул - за сваю прыналежнасць да прафесіі журналіста, -- заявіла старшыня БАЖ.