Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зварот кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча да грамадзянаў Беларусі 10:32, 19/12/2005
Дарагія суграмадзяне, сябры! Апошнія паўгоду я бесперапынна езджу па Беларусі. Пабываў у дзесятках гарадоў і раёнаў нашай краіны. Толькі так можна ўбачыць сапраўднае, а не прыхарошанае Беларускім тэлебачаннем жыццё. За паказушнай ілюмінацыяй сталічных вуліцаў усюды крыецца адна й тая бяда, адзін і той боль: людзі стаміліся ад галечы, знявагі й страху, а на ўсіх узроўнях улады пануюць невуцтва, хамства й кумаўство. Гледзячы на ўсё гэта, старыя пакорліва дажываюць свой век, дарослая частка насельніцтва ад безвыходнасці п`е, а многія маладыя мараць з`ехаць з краіны.
Міжволі паўстае пытанне: ці ёсць у нас і ў нашай краіны будучыня?
Я кажу - ёсць! Але толькі пры адной умове: мы мусім перамагчы.
Пра наш шанец на перамогу найбольш красамоўна сведчыць нервовае рашэнне ўладаў пайсці на датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Гэта звязана найперш з тым, што яны бачаць штораз вышэйшую хвалю народнай незадаволенасці і спадзяюцца, што нашым прыхільнікам не хопіць часу зарганізавацца.
Але іхнія спадзевы марныя. Мы былі гатовыя да такога развіцця падзеяў, і ўжо сёння ў маю ініцыятыўную групу ўваходзіць некалькі тысячаў чалавек.
Гэтага даволі для змагання, але для перамогі нас павінна быць больш.
Таму я заклікаю ўсіх, хто жадае працаваць на перамогу, усіх, хто думае пра будучыню краіны, далучыцца да нашай агульнанацыянальнай каманды прыхільнікаў пераменаў. Прыходзьце, тэлефануйце, пішыце: Вы нам патрэбны, мы Вас чакаем.
Перамога будзе за намі, і гэта будзе наша агульная перамога!