Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса заявіў «Радыё Свабода», што беларускае тэлебачаньне зрабіла “несумленна і непрыгожа”, выкарыстаўшы ягоныя словы, выцягнутыя з кантэксту. У праграме “Беларусь – погляд звонку”, БТ падала словы Валэнсы і іншых польскіх палітыкаў, зь якіх вынікала, што яны перасьцерагаюць Беларусь перад прыватызацыяй і “шокавай тэрапіяй”.
Лех Валэнса заявіў, што ён сапраўды казаў журналістам БТ пра тое, што пасьля распаду ўсходняга блёку, польская эканоміка аказалася ў цяжкім стане, а кошт рэформаў быў высокі – таму ў краіне ёсьць шмат незадаволеных. Але, як адзначыў спадар Валэнса, гэта ня значыць, што сам курс на перамены, рэформы быў няправільны – палякам проста не хапіла ведаў і досьведу.
“Непрыгожа зрабіла беларускае тэлебачаньне – парэзалі ўсё. Я гаварыў, канечне, і словы крытыкі, але ўсё гэта было у пэўным кантэксьце. А яны выразалі мае словы і ўставілі так, як ім выгодна, на сваю карысьць. Гэта несумленная гульня”, -- заявіў «Радыё Свабода» былы прэзыдэнт Польчшы Лех Валэнса.
Валенса пажадаў беларусам усяго найлепшага ў сувязі з надыходзячымі сьвятамі і параіў лепш падрыхтавацца да часу, калі “прыйдзе свабода”.
Між тым аглядальнік польскага радыё Цэзары Галіньскі, які раней працаваў у Беларусі, кажа, што гэта здараецца ня ўпершыню, калі праца журналістаў БТ ня мае нічога агульнага з журналістыкай.
“Гэта ня першы выпадак, калі БТ займаецца бессаромнай хлусьнёй. Я калі працаваў у Беларусі, дык меў абавязак глядзець БТ і бачыў, як паказваюць там тое, што я сам бачыў на ўласня вочы. Памятаю той выпадак з амбасадарам Ізраілю, калі ён яшчэ да выхаду свайго інтэрвію ў эфір вельмі прасіў так званых журналістаў БТ, каб тыя не рабілі ніякіх купюраў. Яны, канечне, паабяцалі, але потым атрымалася жахлівая справа”, -- паведаміў журналіст “Радыё Свабода”.
Паводле Цэзарыя Галіньскага, гэтая перадача БТ упісваецца ў рэчышча “шалёнай антыполькай прапаганды”, якую вядуць беларускія ўлады. У такой сытуацыі, лічыць спадар Галінські, польскія палітыкі ўвогуле могуць перастаць даваць камэнтары афіцыйным беларускім мэдыям.
“Гэта быў бы добры крок. Крок ў адказ на тое, што беларускія ўлады робяць з польскімі журналістамі – вось нядаўні выпадак нашай калегі спадарыні Рамашэўскай. Але трэба быць палякам асьцярожнымі і разьдзяляць незалежных журналістаў з прадстаўнікамі дзяржаўных мэдыяў”, -- лічыць Цэзарый Галіньскі.