|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
У Вас ёсць магчымасць атрымоўваць «Народную волю» ў будучым годзе 16:44, 21/12/2005 З публiкацыi ў папярэдніх нумарах Вы ўжо ведаеце пра разгляд нашага iску да “Белпошты”. Суддзя Гаспадарчага суда г.Мiнска А.Мельнiкава вынесла рашэнне: справу спынiць з-за... непадсуднасцi. Будзем, вядома, абскарджваць, але для гэтага патрэбны час. На жаль, пакуль безвынiкова Ваша i наша барацьба з прадпрыемствамi, якiя займаюцца гандлем газет у рознiцу (праз кiёскi), i ААТ “Чырвоная зорка” (друкарняй). Сапраўды, да якой толькi казуiстыкi не прыбягаюць тыя, хто, поўзаючы на каленях перад уладарамi, iмкнуцца выканаць iх ганебныя загады па ўдушэннi “Народнай волi”! Адны суддзi прапануюць Вам, паважаныя прыхiльнiкi “Народнай волi”, звяртацца з iскамi не ў суды па месцы Вашага жыхарства, а ў суд Ленiнскага раёна г.Мiнска — па месцы знаходжання “Белпошты”. Другiя раяць аплацiць пошлiну, тады, маўляў, заявы будуць разглядацца. Трэцiя сцвярджаюць, што ў дадзеным выпадку iскi не падпадаюць пад закон аб правах спажыўцоў, спасылкi на якi з нашага боку былi i застаюцца аргументаванымi. Чацвёртыя... Усё гэта, шаноўныя, не што iншае, як бязглуздасць чыноўнiкаў. Выконваючы загад зверху, яны проста зацягваюць тэрмiны разгляду Вашых i нашых iскаў. Паўтараем: наш агульны адказ — будзем баранiць свае законныя правы да апошняга! Для тых, каму раяць падаваць iск толькi ў суд Ленiнскага раёна г.Мiнска, яшчэ раз прапануем не рабіць гэтага, а звярнуць увагу на ўзор прыватнай скаргi на iмя калегii па грамадзянскiх справах Мiнскага гарадскога суда альбо на iмя калегii любога абласнога суда, які мы змяшчалі ў мінулых нумарах. Адначасова адрасуйце заявы на iмя генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь сп. П.П.Мiклашэвiча. Папярэджваем: калi Вы накiруеце iск у суд Ленiнскага раёна г.Мiнска, Вам адкажуць: пытанне аб разглядзе iску будзе ставiцца толькi пасля аплаты пошлiны. Ведаючы, што гаворка iдзе пра вялiкiя грошы, яны такiм чынам спрабуюць збiць хвалю нашай з Вамi барацьбы за “Народную волю”. Разам мы рана цi позна, але прымусiм бязглуздых бюракратаў спынiць пераслед газеты, прымусiм паважаць нашыя агульныя правы на свабоду слова, на дэмакратычныя погляды. Але сёння востра паўстала пытанне: як “Народная воля” будзе даходзiць да сваiх чытачоў у студзенi 2006 года. Выхад адзiн — пайсцi на нетрадыцыйны крок. “Народная воля” атрымала дазвол (лiцэнзiю) на рознiчную рэалiзацыю газеты непасрэдна ў рэдакцыйным офiсе. Вядома, многiя мiнчане выкарыстаюць гэты шанс. А як быць людзям з рэгiёнаў? Вырашыць праблемы мы, нагадваем, плануем такiм чынам. Давайце правядзём наступны эксперымент. У студзенi, з улiкам свят, мы збiраемся падрыхтаваць i распаўсюдзiць 17 нумароў “Народнай волi”. Але для гэтага нам патрэбна мець адпаведныя сродкi. Каб яны з`явiлiся, трэба, каб кожны экземпляр газеты Вы, шаноўныя нашы прыхiльнiкi, выкупiлi загадзя. Адным словам — зрабiлi так званую перадаплату. Не будзем зазiраць далёка наперад — возьмемся за вырашэнне студзеньскай праблемы. Мы падлiчылi: сродкаў хопiць на выданне 17 нумароў газеты, калi кожны з Вас да 31 снежня б.г. пералiчыць на рахунак “Народнай волi” 7000 (сем тысяч) беларускiх рублёў. Рэквiзiты: р/р 3012207630018, фiлiял №113 ААТ “Прiорбанк”, код 726, УНН 100961759. Перадаплата за студзеньскiя нумары газеты. Копiю плацежнага дакумента (узор — злева) i падрабязны хатнi адрас тэрмiнова накiруйце ў рэдакцыю. Ведаем: у атрыманнi “Народнай волi” зацiкаўлены многiя арганiзацыi, прадпрыемствы, установы, фiрмы. Iм за студзеньскiя нумары трэба пералiчыць 15.000 рублёў i таксама накiраваць у рэдакцыю копiю плацёжкi (узор — справа) i поўны адрас. Спытаецеся: а як будзе дастаўляцца “Народная воля”? У Мiнску i iншых буйных гарадах — валанцёрамi, распаўсюджвальнiкамi, да камплектавання штатаў якiх мы ўжо прыступiлi. У аддаленыя вёскi, вядома, газету давядзецца дастаўляць “у канверце”. Спазненне можа быць на дзень-другi, але гэта лепш, чым наогул застацца без любiмай газеты. Думаем мы i над iншымi праектамi выратавання “Народнай волi”. Але каб у сту-дзенi Вы не засталiся без газеты, прапануем менавiта такi эксперыментальны праект. Улiчыце пры гэтым, што пры перасылцы грошай па пошце з Вас возьмуць дадаткова 3 працэнты, а пры пераводзе праз “Беларусбанк” — толькi 2 працэнты. Цяжкае выпрабаванне выпала на нашу i Вашу долю, паважаныя прыхiльнiкi “Народнай волi”. Але мы ўпэўнены: вытрымаем. Дзеля Беларусi сённяшняй i заўтрашняй. Дзеля будучынi сваiх дзяцей i ўнукаў. Адгукнiцеся на нашу прапанову! Вы не адзiн раз прыходзiлi на дапамогу “Народнай волi” — зрабiце гэта i цяпер. Вы — з “Народнай воляй”, “Народная воля” — з Вамi. “НАРОДНАЯ ВОЛЯ”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|