Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд забавязаў БХК сплаціць падаткі з грантаў 10:26, 21/12/2005
20 сьнежня прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі на адмысловым паседжаньні адмяніў усе ранейшыя рашэньні гаспадарчых судоў па справе Беларускага Хэльсынскага камітэту. Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў сапраўднымі прэтэнзіі падатковай службы Маскоўскага раёну Менску да БХК, паводле якіх праваабарончая арганізацыя мусіць сплаціць каля 75 тысяч даляраў падаткаў і штрафных санкцыяў.
Нагадаем, гэтыя падаткі налічылі на гранты, якія арганізацыя атрымала ад эўрапейскіх структураў у межах праграмаў разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну Менску палічыла, што нават з дапамогі, якая згодна з дамовамі не абкладаецца падаткамі, усё ж трэба падаткі плаціць. Праваабаронцы лічылі, што падаткаў плаціць ня трэба і спасылаліся на дамовы, якія Беларусь падпісала з эўрапейскімі структурамі.
Тройчы гаспадарчыя суды розных узроўняў, у тым ліку Вышэйшы гаспадарчы суд, станавіліся ў гэтай спрэчцы на бок БХК, але з чацьвертай спробы падатковай інспэкцыі ўдалося перамагчы.
Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла, які сёньня выступаў перад сябрамі прэзыдыюму Вышэйшага гаспадарчага суду, лічыць, што рашэньне было прадвызначана.
“Рашэньне суду незаконнае і палітычна матываванае. Вось што я мушу сказаць, і хай мяне прыцягнуць да адказнасьці за дыскрэдытацыю. Гэтае рашэньне прывядзе да ліквідацыі арганізацыі, паколькі атрымліваецца, што мы парушаем закон”, -- заявіў Гары Пагоняйла “Радыё Свабода”.
Больш як год таму супраць старшыні БХК Тацяны Процькі і галоўнай бухгальтаркі арганізацыі Тацяны Рудкевіч была заведзеная крымінальная справа аб няўплаце падаткаў. Пазьней гэтая справа была спыненая, але цяпер, мяркуюць у БХК, справу адновяць.