Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Падчас прысягі прэзыдэнт Польшчы закрануў тэму Беларусі 10:38, 26/12/2005
Польшча мае новага прэзыдэнта – прысягу прынёс Лех Качыньскі, які зьмяніў Александра Квасьнеўскага, які быў прэзыдэнтам два тэрміны запар – ад 1995 году. У першай прамове ў якасьці кіраўніка дзяржавы, Лех Качыньскі закрануў тэму Беларусі.
Паводле “Радыё Свабода” прэзыдэнт сказаў, што зробіць усё магчымае, каб усе палякі мелі роўныя шанцы ў сваёй краіне, а Польшча мела моцную пазыцыю ў Эўрапейскім Зьвязе і сьвеце. Лех Качыньскі падкрэсьліў, што будзе змагацца з паталягічнымі зьявамі ў жыцьці краіны. Новы прэзыдэнт Польшчы заявіў таксама, што палякі павінны канчаткова даведацца ўсю праўду пра часы камуністычнага панаваньня ў краіне.
Гаворачы пра асноўныя накірункі зьнешняй палітыкі Польшчы – а менавіта ў гэтым абшары паводле канстытуцыі польскі прэзыдэнт мае найбольш магчымасьцяў – Лех Качыньскі падкрэсьліў:
“Вялікае значэньне будзе мець абарона правоў грамадзянаў Беларусі, асабліва правоў прадстаўнікоў польскай меншасьці”.
Нагадаем, Лех Качыньскі, які ў 1980-я гады быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Леха Валэнсы ў стварэньні “Салідарнасьці”, а потым міністрам юстыцыі і мэрам Варшавы, у часе восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў у другім туры перамог лібэрала Дональда Туска.