Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Апазыцыйная моладзь у Жодзіне адчувае ціск 16:18, 06/01/2006
Сябраў моладзевых арганізацыяў Жодзіна, якія зьбіраюць подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, выклікаюць на размову ў КДБ і міліцыю.
Лідэра Жодзінскай філіі моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Паўла Красоўскага выклікалі ў міліцыю. Яму патлумачылі, што ў выканкаме адміністрацыйная камісія разгледзіць пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і пакарае штрафам. Павал выдае газэту “Назіральнік”, якая асьвятляе сацыяльнае, эканамічнае і культурнае жыцьцё Жодзіна. Месяц таму на Красоўскага ўжо складалі адпаведны пратакол, цяпер і яго накіруюць у выканкам. Павал лічыць, што актывістаў нефармальных моладзевых рухаў адмыслова выклікаюць у адпаведныя структуры і запалохваюць.
“Ціск на газэту “Назіральнік” і выклікі нашых актывістаў у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі зьвязаны з тым, што ў перадвыбарчы пэрыяд актывізавалася дзейнасьць моладзі. Большасьць людзей, якія ўдзельнічаюць у выданьні газэты, зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы ў зборы подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча ”, -- паведаміў Красоўскі “Радыё Свабода”.
У Жодзіне дзейнічае некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевых рухаў “Малады фронт” і “Зубр”. Яны зьбіраюць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Павал Красоўскі ўпэўнены, што забарона распаўсюджваць газэту “Назіральнік” выклікана менавіта выбарчай кампаніяй.