|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лукашэнка ўзнагародзіў Росьцікава і Скобелева 10:44, 06/01/2006 Як паведамляе “Радыё Свабода”, прэзыдэнцкую прэмію Эдуард Скобелеў атрымаў за раман “Перасячэньне паралельных”, аднак імя гэтага пісьменьніка больш вядомае па кнізе “Запавет Сталіна”, якая была надрукавана сёлета ў маскоўскім выдавецтве “Русская правда”. Па выхадзе гэтай кнігі лідэры шэрагу габрэйскіх арганізацыяў Беларусі заявілі пра намер зьвярнуцца ў суд з прычыны абразьлівых выказваньняў на адрас беларускіх габрэяў. Вось як ацэньвае факт прысуджэньня прэміі пісьменьніку Скобелеву старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч: “Цягам многіх гадоў ён ня толькі сьведчыў сваю ляяльнасьць да кіраўніцтва і кіраўніка дзяржавы, але і ўсе свае высілкі аддаваў гэтаму. У прыватнасьці, былі разгромныя артыкулы спадара Скобелева і на мой адрас. Вельмі шмат злосьці ў ягонай публіцыстыцы — і амаль як у 1937 годзе, яна раскрывае народу і, у першую чаргу, кіраўніцтву нашай краіны тых злосных ворагаў, якія не дазваляюць поўнамаштабнаму росквіту нашай дзяржавы. Эдуард Марцінавіч нават дагаварыўся і дапісаўся да таго, што тут некаторыя і фашысты, і нацыяналісты, і трацкісты. І вось, як лягічнае завяршэньне, і спэцыяльная прэмія”, -- заявіў Алесь Пашкевіч “Радыё Свабода”. Адмысловыя прэміі прэзыдэнта атрымаюць таксама Беларускі музычны тэатар, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, а таксама аглядальнік урадавай газэты “Рэспубліка”, ён жа карэспандэнт расейскай газэты “Завтра” Яўген Росьцікаў. У Беларусі ён вядомы як аўтар публікацыяў антысэмісцкага кшталту, а таксама артыкулу “Дынаміт для ляўрэата. Маленькая аповесьць пра вялікага чалавека”, прысьвечанага Васілю Быкава. Пра гэты артыкул і яго аўтара пісаў у газэце “Народная Воля” Сяргей Навумчык. Журналісцкае дасьледаваньне Сяргея Навумчыка зьмешчана таксама ў кнізе “Быкаў на Свабодзе”. “Публікацыі з абразамі суправаджалі Васіля Быкава ўсё ягонае літаратурнае жыцьцё, і звычайна ён на іх ніколі не адказваў. Тэкст жа Росьцікава, нават на фоне цкаваньня Быкава афіцыйнымі СМІ, вызначаўся канцэнтрацыяй бруду і абразаў. Васіль Уладзімеравіч гэтую публікацыю чытаў, і яна стала адным з тых подлых удараў па Быкаву, якія былі нанесеныя ў апошнія тыдні ягонага жыцьця”, -- паведаміў Навумчык “Радыё Свабода”. Паводле Сяргея Навумчыка, многія сябры і паплечнікі Васіля Быкава перакананыя, што публікацыя Яўгена Росьцікава надзвычай адмоўна паўплывала на самаадчуваньне Васіля Ўладзімеравіча. Прэзыдэнцкую прэмію “За духоўнае адраджэньне” атрымае таксама дэпутат “савету рэспублікі” Сьвятлана Акружная, праваслаўны сьвятар зь Берасьцейшчыны Аляксандар Каратай, кіраўнік тэатру беларускай драматургіі Валеры Анісенка і заслужаны дзеяч культуры Ігар Рудамётаў. Нагадаем, што спадар Анісенка быў прызначаны на пасаду кіраўніка тэатру пасьля зьняцьця з гэтай пасады Валерыя Мазынскага, а спадар Рудамётаў вядомы як аўтар міжнароднай палітычнай праграмы на БТ, якая вытрымана ў стылістыцы халоднай вайны.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|