Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польскі прэм`ер сустрэўся з Аляксандрам Мілінкевічам (фота) 11:16, 09/01/2006
6 студзеня, напярэдадні праваслаўнага свята Нараджэння Хрыстова, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч на запрашэнне мясцовай беларускай праваслаўнай супольнасці наведаў Беласток (Польшча). У межах візіту Аляксандра Мілінкевіча ў Беласток адбылася сустрэча беларускага палітыка з прэм’ер-міністрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам.
Як паведаміла прэс-служба лідара беларускай апазіцыі, Казімір Марцінкевіч і Аляксандр Мілінкевіч абмяркоўвалі магчымасць напраўлення вялікай колькасці назіральнікаў з еўрапейскіх краін на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Пасля размовы сам-насам, падчас сумеснай прэс-канферэнцыі, кіраўнік польскага ўрада заявіў, што Польшча апрача ўласнага ўдзелу ў дапамозе дэмакратычным пераменам у Беларусі, намагалася і будзе намагацца прыцягнуць да сітуацыі ў суседняй краіне напярэдадні выбараў увагу іншых краін Еўрапейскага Саюза. Таксама К.Марцінкевіч паведаміў, што праз некалькі тыдняў пачне працаваць радыёстанцыя, якая будзе вяшчаць на Беларусь з тэрыторыі Польшчы.
Аляксандр Мілінкевіч станоўча ацаніў вынікі сённяшняй сустрэчы з польскім прэм`ер-міністрам:
-- Спадар Марцінкевіч паказаў сябе палітыкам, які добра паінфармаваны ў цяперашняй беларускай сітуацыі. Ён адкрыта заявіў, што ў інтарэсах не толькі Польшчы, але і ўсёй аб’яднанай Еўропы – суседства з Беларуссю дэмакратычнай, у якой улада шануе правы і свабоды кожнага грамадзяніна. Еўропа адкрыта для дэмакратычнай Беларусі – гэта была асноўная тэма нашай размовы з прэм’ерам Польшчы. Для нас вельмі важна, што еўрапейскія палітыкі самага высокага ўзроўню гатовыя абмяркоўваць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, яны гатовыя да ўзаемнага дыялогу і разумеюць, што нельга казаць пра свабоду ў Еўропе, пакуль Беларусь застаецца несвабоднай аўтарытарнай дзяржавай.
Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся таксама з дзеячамі беларускай дыяспары ў Польчшы. Беларусы Польшчы адзначылі, што сустрэча польскага прэм’ера з кандыдатам ад апазыцыі мае ня толькі практычнае, але і вялікае сымбалічнае значэньне. Для беларусаў Беласточчыны вельмі істотным было тое, што Аляксандр Мілінкевіч разам з польскім прэм’ерам узялі удзел ва ўрачыстай каляднай вячэры, арганізаванай сябрамі Беларускага саюзу ў Польшчы – гэта беспрэцэдэнтная падзея ў гісторыі беларускай грамады ў Польшчы.
Супольная прэсавая канфэрэнцыя А.Мілінкевіча і К.Марцінкевіча
Перамовы А.Мілінкевіча і польскага прэм`ер міністра