Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Французы ацанілі выдатную францускую мову Мілінкевіча 10:23, 10/01/2006
Алэн Гіймоль, журналіст францускай газэты “Лё Круа”, які асьвятляў украінскую аранжавую рэвалюцыю і напісаў пра яе кнігу “Нават сьнег быў аранжавым”, паведаміў “Радыё Свабода”, што ён і каля дзесяці францускіх журналістаў зьбіраюцца наведаць Беларусь падчас прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка. Большасьць гэтых журналістаў пабывала на прэсавай канфэрэнцыі, якую наладзіў учора ўвечары ў Парыжы кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Спадар Гіймоль падзяліўся сваімі ўражаньнямі з карэспандэнтам “Свабоды”.
Алэн Гіймоль паведаміў, што Аляксандар Мілінкевіч пакінуў вельмі добрае ўражаньне. На ягонай прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла ў панядзелак, прысутнічалі каля 20 журналістаў зь лепшых францускіх СМІ, такіх як агенцтва “Франс Прэс”, Радыё “Франс Інтэрнасьёналь”, газэт “Лё Монд”, “Лё Фігаро”, “Лібэрасьён” і іншых:
“Усе галоўныя радыёстанцыі і газэты там былі прадстаўленыя. Гэта значыць, што ёсьць вялікі інтарэс да беларускіх выбараў тут, у Францыі, што француская прэса зьвяртае вялікую ўвагу на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Я павінен сказаць, што такога не было ў мінулым, калі многія беларускія выбары практычна не асьвятляліся францускай прэсай, але цяпер, як мы пабачылі, ёсьць вялізная цікавасьць”, -- паведаміў Алэн Гіймоль “Радыё Свабода”.
Карэспандэнт газэты “Лё Круа” Алэн Гіймоль паведаміў, што пад час прэсавай канфэрэнцыі адбылася жывая, цікавая гутарка францускіх журналістаў з Аляксандрам Мілінкевічам, той адказаў на ўсемагчымыя пытаньні аб унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, аб яе адносінах з суседзямі, у тым ліку з Расеяй, Украінай, Эўразьвязам.
“Я павінен сказаць, што ў яго цудоўная француская мова, і гэта вельмі спрыяла стварэньню добрай атмасфэры, якая сапраўды была нефармальнай і вельмі пазытыўнай”, -- сказаў журналіст.
Алэн Гіймоль паведаміў, што зьбіраецца асабіста прыехаць асьвятляць беларускія выбары ў сакавіку. Пры гэтым ён згадаў, што летась напісаў кнігу пра ўкраінскую аранжавую рэвалюцыю і заявіў, што хацеў бы неўзабаве напісаць кнігу і пра Беларусь. Спадар Гіймоль паведаміў, што паводле ягонай інфармацыі, усяго на беларускія выбары рыхтуецца прыехаць каля дзесятка францускіх журналістаў.
Сёньня Аляксандар Мілінкевіч вяртаецца з Францыі. Ён наведаў Парыж на запрашэньне францускага ўраду і правёў перамовы зь міністрам замежных справаў Францыі Філіпам Дуст-Блазі, шэрагам францускіх палітыкаў.