Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Канстытуцыйны суд адмовіўся даваць ацэнку папраўкам у Крымінальны Кодэкс 15:40, 10/01/2006
Канстытуцыйны суд РБ адмовіўся ацэньваць канстытуцыйнасць Закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты РБ па пытанні ўзмацнення адказнасці за дзеянні, накіраваныя супраць чалавека і грамадскай бяспекі". Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе на запыт ГА"Беларуская асацыяцыя журналістаў", у якім БАЖ прасіў даць ацэнку адпаведнасці Канстытуцыі і міжнародна-прававым абавязальніцтвам Беларусі паправак у Крымінальны Кодэкс РБ. Намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда сп. Марыскін спасылаецца на тое, што пад час паступлення запыту згаданы нарматыўны акт яшчэ не ўступіў у законную сілу.
Юрысты ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" падкрэсліваюць, што на момант разгляду запыту Канстытуцыйным судом (адказ датаваны 29.12.2005) праект закона ўжо быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнка і ўступіў у законную сілу раней, чым БАЖ атрымаў адказ. Арганізацыя збіраецца паўторна звярнуцца ў КС з аналагічным запытам.
Акрамя гэтага, падкрэсліваюць юрысты БАЖ, Канстытуцыйны суд не адказаў на другую частку запыту, у якой ішла гаворка пра невыкананне яго ж рашэння ад 1 верасня 2003 г. "Аб унясенні дапаўненняў у Крымінальны кодэкс РБ". Тады, рагледзеўшы зварот БАЖ, Канстытуцыйны суд прапанаваў “палаце прадстаўнікоў” разгледзець пытанне пра дапаўненне КК РБ заўвагай да арт. 367-369, якая выключала б магчымасць на практыцы "няправільных юрыдычных ацэнак публічных выступаў журналістаў і іншых асобаў з крытыкай.., забеспячэння дадатковых гарантый абароны канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі, а таксама абароны свабоды друку і іншых СМІ". "На жаль, гэтае рашэнне КС так і засталося нявыкананым", - гаварылася ў звароце БАЖ.