Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасада ЗША: Беларускае тэлебачанне прадоўжыла практыку грубай і бессаромнай дэзынфармацыі насельніцтва 17:22, 13/01/2006
Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Мінску выступила з заявай наконт ілжывай інфармацыі, якая прагучала на Беларускім тэлебачаньні 10 студзеня. «У выпуску праграмы “Панарама” ад 10 студзеня 2006 года беларускае тэлебачанне прадоўжыла практыку грубай і бессаромнай дэзынфармацыі насельніцтва Беларусі наконт поглядаў і дзеянняў Злучаных Штатаў і амерыканскіх дыпламатаў. Мэтай сюжэту было прадставіць думкі і выказванні Пасла Крола па цэлым шэрагу пытанняў, аднак, замест гэтага БТ, як звычайна, прадставіла ўласны, наўмысна скажоны каментарый. Пасол Крол не рабіў многіх з тых заяваў, якія прыпісваюцца яму ў праграме, у тым ліку заяваў аб беларускай канстытуцыі і эканоміцы. Каментарыі, якія Пасол Крол зрабіў падчас нядаўняга прэс-брыфінгу ў Вашынгтоне, у сюжэце былі пададзеныя са скажэннямі і перабольшаннямі. Прыведзеная ў праграме цытата Дзяржсакратара Кандалізы Райс з’яўляецца поўнасцю сфабрыкаванай. Больш таго, БТ не зрабіла аніякіх захадаў, каб пацвердзіць сваю “інфармацыю” праз Амбасаду ЗША», -- гаворыцца ў заяве.
«Абвінавачваючы Пасла Крола ў недыпламатычных паводзінах і ў тым, што ён “бярэ на сябе грэх і ўзводзіць паклёп на Беларусь”, БТ дэманструе сваю недасведчанасць наконт прафесійных функцый дыпламата. Пасол Крол, як любы прафесійны дыпламат, прадстаўляе і тлумачыць – публічна і прыватна – палітыку і погляды ўрада Злучаных Штатаў. Часам гэтыя погляды не супадаюць з пунктам гледжання беларускага кіраўніцтва, гэтак жа як і погляды беларускіх уладаў могуць не супадаць з пунктам гледжання кіраўніцтва Злучаных Штатаў. Гэта агульнапрынятая дыпламатычная практыка ў адносінах паміж дзяржавамі», -- паведамляе Амбасада ЗША
Што ж тычыцца сапраўднага стаўлення Злучаных Штатаў да маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў на Беларусі, то ЗША глыбока занепакоеныя тым, што манапалістычны, прапагандысцкі кантроль беларускіх уладаў над сродкамі масавай інфармацыі, кантроль над стварэннем выбарчых камісій і недапушчальнае выкарыстанне юрыдычных ды іншых формаў запалохвання, якія перашкаджаюць беларусам чуць альбо адстойваць альтэрнатыўныя палітычныя погляды, выклікаюць сур’ёзныя сумненні ў свабодным і справядлівым характары палітычнага і выбарчага працэсу на Беларусі.