|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
«Сакрэтны» даход камунальшчыкаў 17:10, 16/01/2006, Сяргей Буткевiч, «Народная воля» Тое, што Павел звярнуўся ў суд, нядзiўна. Ён i раней спрабаваў дабiвацца ад дзяржаўных ведамстваў выканання законаў, але поспех яму спадарожнiчаў не заўсёды. Дзiўна тое, што на гэты раз Левiнаў перамог. 7 снежня 2005 года суд вынес пастанову, якая абавязвае ЖРЭТ Першамайскага раёна, а заадно i Вiцебскую гарадскую ЖКГ выконваць уборку лесвiчных клетак у доме, дзе жыве аўтар заявы. Дарэчы, падчас разгляду iску выявiлася, што грошы за ўборку ў пад`ездах спаганяюцца з месцiчаў Вiцебска даўно. Гэтая паслуга прадугледжана “Нормамi i правiламi ўтрымання жылых дамоў”, уведзенымi 15 год таму. Грошы за гэта з таго часу камунальшчыкi спраўна бралi, а ўборкай не займалiся, так што дбаць аб чысцiнi ў пад`ездах мусiлi самi жыльцы, якiя плацiлi за ўборку грошы. Але не варта патрабаваць у камунальшчыкаў справаздачу аб выдаткаваннi сродкаў, атрыманых ад насельнiцтва на “тэхнiчнае абслугоўванне жылля”. Звесткi аб гэтым засакрэчаныя, як i згаданыя “Нормы i правiлы”, якiя простаму смертнаму ў ЖРЭТ цi ў ЖЭУ нiзавошта не пакажуць. Спатрэбiлiся настойлiвасць Паўла Левiнава i судовае разбiральнiцтва ягонага iску, для таго каб даведацца i дакументальна пацвердзiць, што камунальшчыкi наўмысна засакрэцiлi ад народа ўсе дакументы аб сваiх абавязках перад насельнiцтвам. Паводле гэтых дакументаў бачна, што жыллёва-камунальная служба атрымлiвае незаробленыя, незаконныя даходы за кошт падману соцень тысяч законапаслухмяных наiўных грамадзян. З аднаго боку, камунальшчыкi справядлiва скардзяцца на тых кватэранаймальнiкаў, якiя маюць даўгi па “жыроўках”, а з другога — самi заўзята “жыруюць” на незаробленыя грошы. Судовая справа па iску Паўла Левiнава стала важным юрыдычным прэцэдэнтам i прынесла карысць не аднаму Левiнаву. Канкрэтным яе вынiкам з`явiўся загад №18 прадпрыемства “Вiцебская гарадская ЖКГ” ад 25 лiстапада 2005 года “Аб арганiзацыi ўборкi дапаможных памяшканняў прысядзiбных тэрыторый жылых будынкаў”. Самае цiкавае ў загадзе — адсутнасць даты пачатку ягонага дзеяння. Гэта дазволiць камунальшчыкам, звыкла схаваўшы загад аб уборцы пад`ездаў i сутарэнняў далей ад цiкаўных вачэй, iгнараваць выкананне гэтага дакумента. Дарэчы, так яно ўжо i сталася. Не толькi паўсюдна ў горадзе, але нават i ў доме, дзе жыве шукальнiк справядлiвасцi Левiнаў, нiхто i не збiраецца выконваць рашэнне суда i ведамасны загад. А тое, куды пайшлi спагнаныя за 15 год грошы, што выдаткоўвалiся нiбыта на ўборку пад`ездаў, так, вiдаць, i застанецца сакрэтам камунальнай гаспадаркi Вiцебска i галiновага мiнiстэрства, без дазволу якога незаконнае адыманне грошай у насельнiцтва было бы немагчыма. Цiкава, што вiцебскi досвед “сакрэтных” камунальных даходаў за кошт падману жыльцоў прыжыўся непаўсюдна. У Гродне пад`езды шматкватэрных дамоў убiраюцца не радзей двух разоў на тыдзень. I наогул у гэтым горадзе няшмат нараканняў на камунальную гаспадарку, бо яна сумленна адпрацоўвае грошы, якiя збiрае ў насельнiцтва. Таму, вiдаць, Гродна i чысцей за Вiцебск, i парадку там больш. Няўжо гэта з-за таго, што Гродна блiжэй да “варожага”, “шкоднага” Захаду? — Пачакаю крыху, — гаворыць Павел Левiнаў, — i калi не ўбачу, што ўборка пад`ездаў пачалася, зноў накiруюся ў суд з iскам. Буду патрабаваць, каб ЖРЭТ вярнуў мне i iншым гараджанам незаконна спагнаныя за ўборку пад`ездаў грошы за 15 год. Мала хто верыць у тое, што Левiнаву ўдасца дабiцца перамогi ў наступным працэсе. Бо вяртанне ўжо атрыманых “сакрэтных” даходаў нявыгадна для казны i для дзяржаўнага iмiджу. А тое, што замiнае ўладзе, замiнае i суду...
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|