Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міліцыя спрабавала сарваць збор подпісаў у падтрымку Мілінкевіча 10:19, 16/01/2006
Як паведамляла прэс-служба штаба Аляксандра Мілінкевіча, 13 студзеня ў 13.00 на рынку "Ждановічы" пачаў сваю працу мабільны пункт збору подпісаў грамадзян у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча. Каля зборшчыкаў подпісаў выстраілася агромністая чарга - падпісваліся як прадпрымальнікі, так і наведнікі рынку. Усе актыўна выказвалі сваю падтрымку адзінаму прэтэндэнту ад дэмакратычных сіл.
У 13.20 сябры ініцыятыўнай групы, якія збіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, былі затрыманы супрацоўнікам міліцыі Сяргеем Шыманскім, прычына затрымання не была растлумачана. Ніякага канкрэтнага абвінавачвання прад`яўлена не было. Людзі, якія сабраліся вакол пункта збору, актыўна пратэставалі супраць незаконнага затрымання, спрабавалі абараніць зборшчыкаў подпісаў.
Аднак сябраў ініцыятыўнай групы даставілі ў апорны пункт міліцыі, размешчаны на тэрыторыі рынку. Пачаліся ўзгадненні па тэлефоне з вышэйшымі органамі. У гэты час прадстаўнікі Мінскага гарадскога штаба адзінага пазванілі ў апорны пункт і патлумачылі неправамернасць затрымання. Міліцыянты паабяцалі выбачыцца і адпусціць зборшчыкаў подпісаў.
Але праз паўгадзіны сябры ініцыятыўнай групы былі дастаўлены ў Цэнтральны РУУС Мінска. Пасля ўзгаднення з яшчэ болей высокім начальствам іх адпусцілі. Прабачэнняў за неправамерныя паводзіны не паследавала.
Наступным пунктам збору подпісаў мабільнай групы павінна была стаць прахадная завода "Атлант". Можна меркаваць, што затрыманне адбылося з мэтай не дапусціць сустрэчу сябраў ініцыятыўнай групы з рабочымі завода.
Але, тым не менш, пункт збору подпісаў пачаў сваю працу каля прахадной завода. Рабочыя актыўна падпісваліся ў падтрымку Аляксандра Мілінкевіча.