Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Палітзняволены Скрабец застаецца пад вартай 10:27, 20/01/2006
На працэсе над актывістам апазыцыі, былым дэпутатам і лідарам групы “Рэспубліка” Сяргеем Скрабцом, які працягваецца ў Вярхоўным судзе, судзьдзя працягвае адхіляць хадайніцтвы палітзняволенага. 19 студзеня напачатку паседжаньня Сяргей Скрабец спрабаваў зрабіць заяву пра палітычны перасьлед, але судзьдзя Віктар Ракіцкі спыніў падсуднага, як толькі пачуў зь ягоных вуснаў пра Аляксандра Лукашэнку. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва Скрабца аб мэдычным аглядзе і адмовіўся мяняць для яго меру стрыманьня, паведаміла “Радыё Свабода”. Між іншым, Сяргей Скрабец 19-ты дзень трымае галадоўку, пратэстуючы супраць арышту.
Сяргей Скрабец прасіў вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд ці пад хатні арышт ў сувязі з перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніяй. “У мяне няма магчымасьці кіраваць ініцыятыўнай групай, якая зьбірае за мяне подпісы, як гэта робяць іншыя прэтэндэнты”, — даказваў Сяргей Скрабец. Судзьдзю ягоныя аргумэнты не пераканалі.
Сярод сьведкаў, якія выступілі 19 студзеня на працэсе, быў Раман Рыўкін, былы памочнік дэпутата Сяргея Скрабца і дырэктар фірмы “Белтрэйдэкспа”. Гэтая фірма мела цесныя партнэрскія зносіны з гандлёвым домам “Белбабаеўскае”, якім кіравалі спачатку Сяргей Скрабец, а потым ягоны брат Аляксандар. Сяргей Скрабец абвінавачваецца і ў тым, што выманіў крэдыт у “Беларусьбанку” для фірмы “Белтрэйдэкспа”. Два гады таму за гэта ж быў асуджаны Раман Рыўкін. Ён дагэтуль лічыць, што быў невінаваты, крэдыт атрымаў цалкам законна, а справу супраць яго сфальшавалі, і гэта ж робіцца цяпер супраць Сяргея Скрабца.
“У нас на офісе забралі ўсе дакумэнты, пячатку, пазбавілі фірму рахункаў, арыштавалі маёмасьць, мяне як дырэктара пазбавілі магчымасьці кіраваць. Потым дачакаліся, пакуль пройдзе тры месяцы, і фірма не вярнула крэдыту, і сказалі, што, паколькі крэдыт не аддадзены, то мы будзем цябе абвінавачваць у выманьваньні крэдыту. А яшчэ мяне спрабавалі абвінаваціць у яго крадзяжы, зусім беспадстаўна. І вось на гэтым працэсе збольшага пакуль што тое самае”, -- патлумачыў “Радыё Свабода” Раман Рыўкін.
Сьведка Раман Рыўкін прадставіў суду шэраг дакумэнтаў, якія, паводле яго, пацьвярджалі намер фірмы вярнуць крэдыты “Беларусьбанку” ў поўным аб’ёме.
Сяргея Скрабца трымаюць за кратамі з траўня мінулага году. Яго абвінавачваюць у выманьваньні крэдыту, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. 19-ты дзень Сяргей Скрабец трымае галадоўку, пратэстуючы супраць арышту. Ён заяўляе, што яго перасьледуюць за апазыцыйную дзейнасьць.