Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Арыштаваны актывіст «Маладога фронту» 10:25, 23/01/2006
Пракурор Маскоўскага раёна Менску Віктар Жынгель арыштаваў актывіста "Маладога фронту" Зьмітра Касьпяровіча. Яго затрымалі ўначы з 17 на 18 студзеня разам з двума сябрамі – Зьмітром Гаўрусікам і Паўлам Батуевым. Хлопцы трое сутак правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня паводле крымінальнай справы за “зьнявагу і зьдзек з дзяржаўных сымбаляў.” Паводле міліцыянтаў, «маладафронтаўцы» на будынку Менгарвыканкаму намагаліся зьмяніць дзяржаўны сьцяг на бел-чырвона-бел, паведамляе «Радыё Свабода».
Сьледчыя міліцыі Маскоўскага раёна Менску спачатку вялі сьледзтва паводле 370-га артыкулу (зьнявага і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў). За гэта прадугледжана пакараньне штрафам, папраўчымі работамі, альбо абмежаваньнем волі тэрмінам да году.
Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, адпаведны артыкул не прадугледжвае ўтрыманьне пад вартай у часе сьледзтва. 20 студзеня сканчаецца тэрмін утрыманьня пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня.
Цяпер сьледзтва зьмяніла артыкул у крымінальнай справе. Зьмітра Касьпяровіча падазраюць у хуліганстве. Пракурор Маскоўскага раёна Віктар Жынгель абраў для маладафронтаўца мерай стрыманьня арышт. Зьмітра Гаўрусіка і Паўла Батуева пракурор вырашыў выпусьціць на волю.
Маці Зьмітра Касьпяровіча, які летась скончыў унівэрсытэт, абурана рашэньнем пракурора.
“Ён нічога не скраў, нікога не забіў, не зрабіў каму-небудзь шкоды. Ён папросту хацеў замяніць сьцяг. Ціцянкоў (былы кіраўнік справамі прэзідэнта Беларусі – прым. Хартыі’97) у свой час паказаў моладзі прыклад, што можна рваць сьцягі нават перад камэрай. Ён ніякага пакараньня не атрымаў. Чаму майго сына трымаюць пад вартай? Хай тады побач пасадзяць і Ціцянкова, ”
Юрысты адзначаюць, што Зьмітру Касьпяровічу дагэтуль не вынесьлі афіцыйнага абвінавачаньня. Ён мае статус падазраванага ў парушэньні крымінальнага артыкулу за хуліганства. Да яго ўжытая першая частка артыкулу. Згодна з практыкай, у такіх выпадках чалавека не бяруць пад варту на час сьледзтва.