Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч сустрэўся с беларускімі палякамі 10:33, 23/01/2006
“Велізарнае шчасце Беларусі, што мы багатыя на шматлікія нацыянальнасці, разнастайныя культуры”, - заявіў 21 студзеня кандыдат у прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч на сустрэчы ў Гродна з прадстаўнікамі польскай меншасці. Сярод іншых палякаў, што жывуць на Беларусі, у размове ўзяла ўдзел і Анжаліка Борыс – кіраўнічка Саюза палякаў на Беларусі. Размова адбывалася на польскай мове і доўжылася дзве гадзіны.
Суразмоўцы абмеркавалі агульнапалітычную сітуацыю ў краіне і становішча польскай меншасці ў Беларусі. “Надзею на тое, што ў Беларусі не будуць прыніжацца правы нацыянальных меншасцяў мы звязваем са зменай сітуацыі ў краіне. Гэта чаканні ўсіх палякаў на Беларусі. Мы чакаем , што Беларусь урэшце стане дэмакратычнай і тут будуць шанавацца правы чалавека і правы нацыянальных меншасцяў”, - казалі актывісты Саюза палякаў на Беларусі. “Будучыня належыць да прыстойных і сумленных людзей”, - адзначыла Анжаліка Борыс.
“На тэрыторыі Польшчы жыве шмат беларусаў, на тэрыторыі Беларусі жывуць сотні тысяч людзей польскага паходжання. Гэта выдатная магчымасць для добрага старту дэмакратычнай Беларусі. Шанс паказаць, што мы талерантныя і адкрытыя для ўсяго свету, шанс стаць надзейным мостам у адносінах паміж Еўропай і Усходам, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – Саюз палякаў стаў адным з прыкладаў змагання за свае правы. Ані пракуратура, ані міліцыя не здолелі зламаць духу большасці сяброў арганізацыі ў адстойванні свайго права на самарэалізацыю".
Перад сустрэчай з кіраўніцтвам СПБ лідар дэмсілаў наведаў гарадзенскі рынак “Карона”, дзе ўстаноўлены пункт па зборы подпісаў за вылучэнне Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзідэнты. На рынку да яго падыходзілі месцічы і прасілі, каб А.Мілінкевіч, як сябра ініцыятыўнай групы ў сваю падтрымку, менавіта ўласнаручна запісаў іх прозвішча у бюлетэнь па зборы подпісаў. Аляксандр Мілінкевіч гадзіну адказваў на пытанні гарадзенцаў – наведнікаў рынку і прадаўцоў.