Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Затрыманы старшыня Магілёўскай філіі «Маладога Фронту» 10:28, 24/01/2006
У Магілёве апоўначы 22 студзеня міліцыянты затрымалі старшыню Магілёўскай філіі "Маладога Фронту", актывіста ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Сяржука Нягаціна. Яму прад`явілі абвінавачаньне ў непадпарадкаваньні дзеяньням міліцыі ў той час, калі ён зьбіраўся распаўсюджваць налепкі "Яны хлусяць".
Як паведамляе “Радыё Свабода”, маладафронтавец вяртаўся дахаты і нёс зь сабой налепкі "Яны хлусяць", якія, паводле ягоных словаў, адлюстроўваюць сапраўдную сутнасьць дзяржаўных мэдыяў. Адметна, што міліцыянт не зьвяртаў увагу на іншых мінакоў, але калі заўважыў Сяржука Нягаціна, патрабаваў каб той прад`явіў яму дакумэнты.
Маладафронтавец гаворыць, што міліцыянт пастаянна дзяжурыць у іхнім раёне, добра ведае яго з прычыны таго, што нярэдка назірае за акцыямі апазыцыі. Калі спадар Нягацін нагадаў пра гэта, яго абвінавацілі ў супраціве міліцыі. Сяржант адмовіўся прад`явіць яму сваё пасьведчаньне і пацягнуў да ўчастка міліцыі.
Што адметна, ніводзін зь міліцыянтаў у пастарунку не прарэагаваў на просьбы затрыманага і не прад`явіў службовага пасьведчаньня. Спачатку налепкі зьбіраліся канфіскаваць. Але калі маладафронтавец нагадаў ім пра адказнасьць перад законам, іх вярнулі. Супрацоўнікі міліцыі так і не змаглі даказаць, што бачылі, як ён лепіць налепкі на сьцены.
Лідэра магілёўскіх маладафронтаўцаў вызвалілі празь некалькі гадзінаў ноччу.