Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 2526 27 28 29




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Год без Сяргея Войчанкi
12:04, 25/01/2006, Пётра Васілеўскі, «Народная воля»

У снежнi 2004 года памёр Сяргей Войчанка. Гэта страта для ўсiх, хто ведаў Сяргея як чалавека, як мастака. Cярод сяброў i калег Сяргея найбольш балюча перажываў гэту страту, мабыць, Уладзiмiр Цэслер. Сумесна працаваць яны пачалi, яшчэ калі былi студэнтамi, а потым па жыццi склалi творчы тандэм настолькi ўдалы, што сёй-той было лiчыў “Цэслер-Войчанку” адным чалавекам з дзiўным падвоеным прозвiшчам. Iх майстэрня ў мансардзе дома на рагу Ульянаўскай i Чырвонаармейскай стала мiнскай славутасцю, наведаць якую лiчылася за гонар. Мне не давялося пабываць у гэтай “меке” сталiчнага бамонду пры жыццi Сяргея, упершыню я патрапiў сюды праз год пасля ягонай смерцi.

Пазванiўшы на мабiльнiк Цэслера, каб дамовiцца пра сустрэчу, пачуў: “А ты дзе?” “З дому тэлефаную”. “А я ў Парыжы. Вярнуся праз дзесяць дзён”. Карцела запытацца, якая справа занесла яго ў французскую сталiцу, але падумаў, што танней будзе высветлiць гэта не “па мiжгорадзе”, а пры сустрэчы...

...Зрэшты, майстэрня як майстэрня. Чыста функцыянальная прастора. Белыя сцены, цёмныя балкi, што трымаюць стол; рабочы стол з камп`ютэрам, кнiжныя палiцы, мальберт. Адзiная рэч, што выпадае з функцыянальнага шэрагу, — матацыкл, вядомы аматарам мастацтва па шматлiкiх iнсталяцыях. (Дарэчы, Цэслер накруцiў нямала кiламетраў на спiдометры гэтага “мустанга”.) За камп`ютэрам сядзiць Уладзiмiр Цэслер. Апрануты па-рабочаму: да пояса голы, у штанах свабоднага крою, размаляваных сюррэалiстычным “марсiянскiм” камуфляжам — плямамi чырвонага колеру. У гэтых штанах мастак выглядае ветэранам “зорных войн” на адпачынку. Камп`ютэр, дарэчы, на зайздрасць... Асаблiва ў параўнаннi з тымi, на якiх робiцца наша газета. Пабачыўшы, як зацiкаўлена я разглядаю камп`ютэр, Уладзiмiр патлумачыў, што гэта “гуманiтарка” ад спонсара. Да нядаўняга часу ён таксама працаваў “на ламаччы”. Ды вось прыйшоў неяк у майстэрню добры знаёмец, можна сказаць, сябар i паставiў на стол гэты цуд. “Колькi каштуе?” — “У цябе грошай не хопiць”. Пабачыўшы разгубленасць на твары Уладзiмiра, сказаў: “Гэта падарунак. Быў час, ты мне таксама дапамог”.

— Уладзiмiр, як табе жывецца, працуецца без Сяргея?

— Прайшло больш за год, як яго няма. На ягонае пяцiдзесяцiгоддзе (яно было летась) паставiў на магiле помнiк. Дзякуй сябрам, дапамаглi. Хто як мог.

Не хапае Сяргея. Ён у працы сам гарэў i мяне заводзiў. Яго абсалютна не цiкавiлi бытавыя праблемы. Я нiколi не чуў, каб ён на нешта скардзiўся, каб яму штосьцi было не тое, штосьцi не так. Кожны мастак мае амбiцыi, некаторыя вельмi раўнiва ставяцца да кожнага свайго штрыха, мазка, слова, думкi. Сяргей быў амбiцыёзным чалавекам, але не да такой ступенi i не ў гэтым напрамку. Ягоная амбiцыёзнасць выяўлялася ў тым, што ён iмкнуўся зрабiць шэдэўр з усяго, за што б нi браўся.

Бывала, што мы сварылiся. Калi Сяргей быў у чымсьцi перакананы, давесцi яму iншае меркаванне было надзвычай цяжка. А зараз я iншы раз спрабую глядзець на справу ягонымi вачыма — уявiць, што б ён сказаў, як бы зрабiў. I, ведаеш, дапамагае.

— Сяргей Войчанка быў чалавекам настрою (такое меркаванне я чуў ад тых, хто з iм блiзка сутыкаўся). А як такi характар праяўляўся ў працы? Не кожны здольны спалучаць эмацыянальнасць i творчую дысцыплiну.

— Сяргей — мастак ад Бога. Ён бы дасягнуў поспеху ў якой заўгодна творчай спецыялiзацыi. Але ў iнстытут Сяргей паступiў толькi з другога разу. Мяркую, не таму, што па першым разе быў непадрыхтаваны, а выключна праз свой незалежны характар. З iнстытута Сяргея адлiчвалi, потым — аднаўлялi. Адлiчвалi за “амаралку”, якая заключалася ў тым, што ён жорстка збiў сакратара камiтэта камсамола. Той меў нахабства чытаць Войчанку мараль. Прычым у той момант, калi Сяргей нешта святкаваў з суседзямi па iнтэрнаце.

— Скажы, а цi не той гэта камсамольскi сакратар, што ў Тэатральна-мастацкiм на культасветработнiка вучыўся, а зараз працуе ў Мiнiстэрстве ўнутраных спраў?

— Не, Сяргея дапёк iншы, але такi ж самы. Мы, аднак, ад тэмы адхiлiлiся... Зараз, калi я азiраюся назад, дык бачу, што праз гэтую самую настроенасць мы згубiлi шмат магчымасцяў, не здзейснiлi шмат цiкавых праектаў; зрэшты, не зарабiлi грошай, якiя, здавалася б, самi iшлi ў рукi. Быў, напрыклад, такi выпадак. У Мiнск на перамовы з намi прыязджалi прадстаўнiкi аўкцыёну “Сотбiс”. Яны спынiлiся ў гасцiнiцы “Планета”, нам трэба было пазванiць да iх i ўдакладнiць час сустрэчы. А Сяргей тады трапiў у запой, я на дзяўчо запаў... Так што прасядзелi тыя ангельцы некалькi дзён у “Планеце” i паехалi дадому. Не адбыўся кантакт.

Але ж i ў працы Сяргей быў такiм жа “запойным”. Калi ён браўся за работу, калi яго захапляла нейкая iдэя, дык нiчога акрамя яе Сяргея не цiкавiла. Ён мог прыйсцi ў майстэрню ў шэсць гадзiн ранiцы, без перапынку працаваць да ночы, тут жа i заначаваць. Прычым выбуховая актыўнасць перамяжоўвалася ў яго са стомленасцю фiзiчнай, хаця ў большай ступенi псiхалагiчнай. Бывала, што праца не iдзе, дык мы цэлы дзень толькi палiм i каву п`ём. Мабыць, гэта была неабходная разрадка пасля штурмаўшчыны.

— Пасля смерцi Сяргея некаторыя праекты ты даводзiў да ладу адзiн?

— Ты, мабыць, гаворыш пра “Куфар-скарб”? Гэта наша апошняя сумесная праца. Дакладней, мы разам яе распачыналi. Летась “Куфар” экспанаваўся ў Кiеве на выставе “Балота EMPIRE”. У нас так склалася, што звычайна за мяжу з нашымi работамi ездзiў Сяргей, а вось жа давялося ехаць мне.

— Уладзiмiр, я чуў, што пасля смерцi Сяргея пачалося нашэсце нашчадкаў, якiя заяўлялi прэтэнзii на ягоную спадчыну?

— Не тое каб нашэсце, але Сяргеева сястра з Масквы насамрэч мела намер адсудзiць ягоную спадчыну. Але першымi ў шэрагу нашчадкаў стаяць ягоная ўдава i дачка. Ды i не пакiнуў Сяргей пасля сябе вялiкiх грошай. Ёсць мастацкiя рэчы (карцiны, аб`екты, постэры...), якiя мы рабiлi разам, i, адпаведна, на якiя я маю такое ж аўтарскае права, як i Сяргей. Але мы ж не прадавалi свае работы. Гандляваць мастацтвам трэба ўмець: гэта сiстэмная праца, дылетанту тут рабiць няма чаго, i мы не ў сваю справу не лезлi. Усё гэта я патлумачыў Сяргеевай сястры. Здаецца, зразумела.

Сяргея, дарэчы, нiколi не цiкавiў лёс скончанай працы. Калi ў Маскве ў 2003 годзе рыхтаваўся да друку наш альбом, мы прыклалi шмат намаганняў, каб адшукаць зробленае намi ў розныя часы. А штосьцi так i не знайшлi. Давялося па памяцi аднаўляць.

— Атрымлiваецца, што чуткi пра фантастычныя ганарары самых паспяховых беларускiх дызайнераў Войчанкi i Цэслера не адпавядаюць рэчаiснасцi?

— Менавiта так. Iншы раз я з жахам думаю, што будзе, калi падымуць арэндную плату за майстэрню. Я ж не маю кватэры. Тут у майстэрнi i жыву. Куды я тады падзенуся? Большасць таго, што я зарабляю, iдзе на побыт, на аплату гэтага памяшкання, на матэрыялы для новых работ. Як i большасцi мастакоў, грошай мне хапае, як прынята казаць, толькi для падтрымкi штаноў.

— Але ж тыя, хто калiсь заказваў у Цэслера—Войчанкi, а зараз кантактуюць з табою, людзi заможныя.

— Быў выпадак, адзiн банк звярнуўся да мяне з просьбай зрабiць для iх насценны каляндар. Паспадзяваўшыся на сумленне заказчыка, суму ганарара я загадзя не агаворваў. I, мабыць, дарма. Бо грошы, якiя мне прапанавалi па заканчэннi працы, нават не пакрывалi маiх выдаткаў. Адно толькi фотаграфаванне абышлося мне даражэй. Я адмовiўся ад гэтага “ганарара”, сказаўшы на развiтанне: “Я з бедных грошай не бяру”.

Iншы выпадак. Бiзнесмен, для якога я сёе-тое рабiў як дызайнер, прапаноўваў мне у якасцi платы за работу два тыднi адпачынку ля цёплага мора на модным курорце далёкага замежжа. Ён ехаў туды сам, мяне браў за кампанiю, казаў, што мае намер выдаткаваць на наш з iм адпачынак 15 тысяч еўра. Табе, кажу, са мною цiкава, а цi будзе мне цiкава з табою цэлыя два тыднi — вялiкае пытанне. Лепей маю долю мне наяўнымi грашыма аддай.

— Аддаў?

— Не. Прагуляць такiя грошы, хай нават i з кампанiяй, гэта нармалёва, а заплацiць мастаку — шкада. Такi менталiтэт...

На дзяржаўных заказах таксама не разбагацееш. Некалi мы з Сяргеем па заказе Мiнiстэрства сувязi зрабiлi дзве паштовыя маркi. Такая работа патрабуе высокай квалiфiкацыi. Ва ўсiм свеце яна лiчыцца вельмi прэстыжнай i аплачваецца адпаведна. Нам за дзве маркi заплацiлi 16 тысяч беларускiх рублёў. Iнакш кажучы, па 4 долары. Наша знаёмая, беларуская мастачка, што жыве ў Iспанii, за дзве маркi, што яна зрабiла для гэтай краiны, атрымала таксама 16 тысяч, толькi еўра. Адчуваеш рознiцу?

— А не прыходзiла ў галаву думка з`ехаць у мясцiны, дзе да творчай працы ставяцца з большай павагай, чым у Рэспублiцы Беларусь?

— З`ехаць? Ды чорт яго ведае! Мастаку, зрэшты, усё адно, дзе знаходзiцца ягоная майстэрня. Нейкiя рэчы для Масквы цi Кiева, цi вось зараз для Францыi я раблю, не пакiдаючы вось гэтыя сцены. Увогуле, падарожжа — не мая стыхiя. Мяне гэта стамляе. Нават на нашы выставы за мяжу ездзiў Сяргей. Толькi калi ён захварэў (хварэў Сяргей даўно, але ў нейкi момант гэта стала вiдавочна, бачна для iншых), замест яго на вернiсаж у Францыю быў вымушаны ехаць я. Сяргею толькi-толькi зрабiлi аперацыю, далёкая паездка i звязаныя з ёй праблемы маглi звесцi на нiшто ўсе намаганнi ўрачоў.

Я разумею, калi за мяжу з`язджае бiзнесмен. Цi калi людзi едуць дзеля сваiх дзяцей. Такi перасяленец будзе пяць гадоў недзе шклянкi мыць, каб стварыць “пачатковы капiтал”, забяспечыць iх будучыню. А вось уявi, з`ехалi людзi дзеля сына, бруднай работы не цуралiся, цэнт да цэнта збiралi, а сын наркаманам стаў цi якая iншая бяда з iм здарылася... Гэта ж усё жыццё перакрэслена!

Iншым разам сустракаю ў Мiнску тых, хто з`ехаў, але час ад часу наездамi бывае на радзiме. Зважаю на адну акалiчнасць. Яны так упарта спрабуюць пераканаць мяне, што ў iх усё цудоўна, што я пачынаю думаць, што яны пераконваюць не мяне, а самiх сябе. Я не хацеў бы апынуцца ў такой сiтуацыi.

— Ведаючы цябе i Сяргея даволi даўно, я магу зрабiць выснову, што ў вашай сумеснай працы быў момант, калi вы адчувалi, што для вас няма немагчымага, што як прафесiяналы вы здольныя зрабiць абсалютна ўсё. Было такое?

— У нейкi момант сапраўды прыйшло ўсведамленне, што мы нешта ўжо праляцелi — публiка нас, так бы мовiць, не даганяе. Памятаю, зрабiлi мы з Сяргеем для аднаго конкурсу пяць плакатаў. Тры — адно слова, шэдэўры. Два — звычайныя. Дык вось на тыя тры плакаты журы ўвагi не звярнула, а адзiн з двух звычайных прахадных атрымаў на конкурсе прыз. Непрыемнае пачуццё... Падумалася: для каго працуем?..

— Плакат да 50-й гадавiны Перамогi, што вы рабiлi па замове ўрада Масквы, таксама, здаецца, не прыйшоўся заказчыку даспадобы?

— На iм была выява ветэрана, якi па-жабрацку трымае ў руцэ фуражку, а ў фуражцы — нiбыта капеечная мiласцiна, баявыя ўзнагароды. Так мы хацелi звярнуць увагу на гаротны стан ветэранаў Вялiкай Айчыннай. Лужкоў, мэр Масквы, адзначыў арыгiнальнае рашэнне тэмы, але згоды на распаўсюджванне аддрукаванага тыражу не даў. Каб не псаваць свята. Быў яшчэ адзiн мастак, чый плакат тады таксама “не трапiў у тэму” — Андрэй Логвiн. Дык плакаты, наш i свой, ён сам па Маскве расклеiў. Кажа, што ветэранаў наш плакат вельмi расчулiў. Правiльна, казалi, так яно i ёсць. Некаторыя нават плакалi.

— А цi праўда, што быў у вашай творчай бiяграфii такi экзатычны эпiзод, як праца ў Зорным гарадку?

— Плённай працы тады не атрымалася, але эпiзод насамрэч быў. Мы прапаноўвалi дызайнерскi праект iнтэр`ера арбiтальнай касмiчнай станцыi. Iдэi былi цiкавыя, вартыя рэалiзацыi, але здзейснiць iх можна было, толькi змянiўшы менталiтэт заказчыка. Скажам, на станцыi ёсць арыентацыя “верх — нiз” i, адпаведна, падлога i столь. Але ва ўмовах бязважкасцi няма “верху” i “нiзу”, а значыць, не патрэбныя “падлога” i “столь”. Пераканаць у гэтым канструктараў з Зорнага гарадка мы так i не здолелi. Адзiным вынiкам той нашай вандроўкi стала распрацоўка касцюма для сну касманаўтаў. Падчас сну чалавек сябе не кантралюе, i якая-небудзь кропля цi крошка, трапiўшы ў горла, можа ў бязважкасцi чалавека забiць. Наш касцюм, у прыватнасцi, абараняе касманаўта ад такой неспадзяванкi.

— I нарэшце, за якой справай ты нядаўна ездзiў у Парыж?

— Пра гэты мастацкi праект, беларуска-французскi, гаварыць рана. Пакуль не вырашаны некаторыя юрыдычныя моманты. Але сваю частку працы я ўжо раблю. Дарэчы, вось яна — на камп`ютэры... Думаю, Сяргею гэта падалося б цiкавым.


напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: