Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Халіп: «У Страсбуры цікавасьць да Беларусі надзвычайная» 09:59, 25/01/2006
Сярод прадстаўнікоў мэдыяў, якія беспасярэдне сочаць за падзеямі на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая праходзіць у гэтыя дні ў Страсбуры, ёсьць і беларуская журналістка Ірына Халіп. «Радыё Свабода» зьвязалася зь ёю і папрасіла выказаць свае ўражаньні ад таго, што адбываецца ў Страсбуры.
“Цікавасьць да беларускага пытаньня вельмі высокая. Шчыра кажучы, я не назірала такога нават тады, калі ў 2004 годзе абмяркоўваўся даклад Хрыстаса Пургурыдэса аб зьніклых у Беларусі. Цяпер у кулюарах абмяркоўваюць толькі два пытаньні: дэбаты па Чачні і дэбаты па Беларусі.
Палітычны расклад такі: расейская дэлегацыя рыхтуе сябе на ролю беларускага адваката. Гэта нават прагучала тут два дні таму. Кіраўнік расейскай дэлегацыі Канстанцін Касачоў сказаў, што калі беларускі сьпікер Канаплёў усё ж не прыедзе ў Страсбур, дык тады расейскія дэпутаты будуць мець права размаўляць з трыбуны ад імя Беларусі.
Адзін з заходніх парлямэнтароў спытаў у спадара Касачова, ці можа кіраўнік расейскай дэлегацыі ўзяць асабіста на сябе ролю адваката Лукашэнкі. Касачоў адказаў, што ён можа быць адвакатам не Лукашэнкі, а Беларусі. Тады ў Касачова спыталі пра тое, ці ўпэўнены ён, што Беларусі патрэбныя такія адвакаты, як ён. Расейскі кіраўнік вырашыў скончыць дыскусію.
Такім чынам, ёсьць супрацьстаяньне расейскай дэлегацыі (яна традыцыйна вельмі вялікая) і парлямэнтароў з усіх іншых эўрапейскіх краінаў, якія гатовыя адстойваць дэмакратыю ў Беларусі і вельмі жорсткі падыход Эўропы да таго, што ў Беларусі адбываецца”, -- распавяла журналістка.