Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ПАСЕ падтрымала Аляксандра Мілінкевіча і дэмакратычныя сілы Беларусі 16:23, 26/01/2006
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі. З дакладам па Беларусі ад Парламенцкай асамблем выступіў эстонскі дэпутат Андрыс Хэркель. У падтрымку рэзалюцыі галасаваў 81 дэпутат пры 15 супраць. На сесіі з дакладам таксама выступіў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, паведамляе прэс-служба лідара дэмакратычных сілаў Беларусі.
Рэзалюцыя заклікала рэжым Лукашэнкі гарантаваць свабодную і незалежную выбарчую кампанію. Дзеля таго, каб узнавіць дыялог з Беларуссю, парламентарыі жадаюць бачыць ясныя і зразумелыя прыкметы роўных магчымасцей усіх кандыдатаў у прэзідэнты праводзіць выбарчую кампанію.
Прынятая рэзалюцыя вітае выбары на Кангрэсе адзінага кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Дэпутаты выказалі поўную падтрымку аб’яднаным сілам незалежна ад вынікаў выбараў.
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы звярнулася да ўсіх краін – сябраў ПАСЕ – з просьбай падтрымаць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі.
Кіраўнік Штаба кандыдата ад дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін так пракаментаваў прынятую рэзалюцыю:
- Беларусь – адзіная краіна Еўропы, якая не уваходзіць у Савет Еўропы. Зразумела, што ў гэтай сувязі і цікавасць да нашай краіны вельмі высокая. Таму і былі запрошаныя два супрацьлеглыя бакі, адзін з якіх прадстаўляў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. Сёння Еўрапейская супольнасць выпрацоўвае агульную пазіцыю ў адносінах да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Еўропа дае жорсткія, але справядлівыя ацэнкі падзеям ў Беларусі. З 38 артыкулаў Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека не выконваюцца 37 і ўлада робіць выгляд, што не заўважае гэтага. Беларуская афіцыйная дэлегацыя нават не дачакалася галасавання па рэзалюцыі і сыйшла, бо ў іх няма аргументаў.