Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лявон Тарасевіч у варшаўскай галерэі Foksal 13:34, 01/02/2006
З 24 студзеня па 24 лютага ў галерэі Foksal у Варшаве праходзіць выстава беларускага мастака Лявона Тарасевіча. Прадстаўленыя работы былі створаны вясной 2005 года з нагоды адкрыцця новага будынка Польскага Інстытута ў Берліне. Мастак запрашае гледачоў у прастору, створаную з дапамогай люстэрак і яркіх паласатых калон. Ілюзорная бясконцасць гэтага на самой справе невялікага памяшкання ўнутры галерэі Foksal, выклікае ў гледачоў адчуванне дэзарыентацыі і разгубленнасці ў хаосе шматколерных калідораў.
“Больш за тое, да гэтага пачуцця прымешваецца шкадаванне, што мы жывем у свеце, які, хаця мы яго бачым, для нас да канца недасягальны. Лявон Тарасевіч не першы раз стварае праект, які прымушае па-новаму зірнуць на мастацтва жывапісу, адно з найбольш традыцыйных мастацтваў. Дэманстрацыя яго твораў заўсёды была раскрыццём неабмежаваных магчымасцяў, якімі валодае жывапіс, ламаннем стэрэатыпаў маслення ва ўспрыманні мастацтва”, --піша польскі партал www.culture.pl.
Тарасевіч нарадзіўся ў 1957 годзе ў в. Валілы на Беласточчыне, дзе і зараз жыве і працуе. Скончыў Акадэмію Выяўленчага Мастацтва ў Варшаве, у 1984 годзе атрымаў дыплом у майстэрні Тадэуша Дамініка. Зараз сам з’яўляецца кіраўніком майстэрні ў Акадэміі Выяўленчага Мастацтва. Яго дэбютная выстава адбылася ў галерэі Foksal, з якой ён звязаны і да сённяшняга дня. Тарасевіч хутка адмовіўся ад фігуратыўнага мастацтва. Непаўторная формула яго мастацтва нарадзілася з назірання за пейзажам, пазбаўленым прысутнасці людзей.
Арыгінальныя творы Тарасевіча хутка замацавалі за ім высокае становішча сярод сучасных мастакоў. Дзякуючы гэтаму яго персанальныя выставы былі арганізаваныя на такіх міжнародных выставах, як Біенале ў Сан Паола (1987), APERTO `88, Біенале ў Венецыі (2001).