Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зміцер Дашкевіч: «З дапамогай графіці людзі даводзяць свае погляды» 17:32, 02/02/2006
“Ва ўмовах, калі зачынены амаль усе недзяржаўныя газэты, людзям няма дзе выказацца, хлопцы вымушаныя з дапамогай графіці даводзіць да людзей свае погляды. Трэба заўважыць, што надпісы на сьценах зьяўляюцца толькі ў недэмакратычных краінах, дзе адсутнічае свабода слова”, -- заявіў лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч “Радыё Свабода”, каментуючы затрыманьне актывістаў МФ Артура Фінькевіча і Аляксея Янушэўскага за граффіці “Мы хочам новага!” і «Достал!».
Аляксея Янушэўскага днямі выключылі з пэдагагічнага ўнівэрсытэту. За яго заступаліся аднакурсьнікі, але безвынікова.
“Супрацоўнікі КДБ патрабавалі ад дэкана не дапускаць Аляксея да экзамэнаў. Нягледзячы на патрабаваньні некаторых выкладчыкаў факультэту, якія выкладалі ў Аляксея, не выключаць яго з унівэрсытэту, бо ён быў вельмі пасьпяховым студэнтам, Аляксея не дапусьцілі да сэсіі за нібыта пропускі заняткаў. Калі бацькі прыйшлі і запатрабавалі, каб дэкан паказаў тыя пропускі, то ён адмовіўся. Потым ён казаў ім, што Аляксей ня ў тыя справы ўвязаўся”, -- паведаміў Зьміцер Дашкевіч .
Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі пакуль знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Раней, напрыканцы году, супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску затрымалі двух актывістаў моладзевага руху “Зубр” Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра пасьля таго, як яны зрабілі надпісы палітычнага зьместу на будынку Цэнтральнага суду. Хлопцаў абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня.
У 1998 годзе Менскі абласны суд пакараў Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча за тое, што ў 1997 годзе яны разам зь некалькімі сваімі сябрамі зрабілі палітычныя графіці ў Стоўпцах. Суд расцаніў гэта як злоснае хуліганства з асаблівым цынізмам. Хлопцаў пазбавілі волі. Пасьля гэтага за графіці судзілі больш як дзясятак актывістаў моладзевых рухаў. Усіх пакаралі штрафамі і папраўчымі работамі.