Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Актывісты «Маладога Фронту» пакуль застаюцца за кратамі 11:10, 03/02/2006
Міліцыя Першамайскага раёну Менску распачала крымінальную справу паводле артыкула “хуліганства”, падазраванымі ў якой зьяўляюцца актывісты арганізацыі “Малады Фронт” Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі. Хлопцы знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Іх падазраюць у нанясеньні графіці “Мы хочем новага!” і “Достал!” на будынках дамоў. Актывістам пакуль не прад’явілі абвінавачаньня.
Намесьнік кіраўніка сьледчага аддзелу Першамайскага РУУС Аляксандр Глушчук паведаміў “Радыё Свабода”, што пакуль праводзяцца сьледчыя дзеяньні, і што Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі пакуль маюць статус падазраваных. Ён не выключае, што крымінальную справу могуць перакваліфікаваць паводле іншага артыкулу – псаваньне дзяржаўнай маёмасьці.
У хлопцаў дома зрабілі ператрус і апісалі ўсю маёмасьць. З ізалятара іх возяць на допыты, потым на абед і зноў на допыты.
Сустаршыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч разам са сваімі паплечнікамі пасьпелі перадаць сваім затрыманым сябрам харчы і цёплыя шкарпэткі. Другую перадачу ў іх не ўзялі, спаслаўшыся на тое, што ў затрыманых ёсьць усё неабходнае.
Артура Фінькевіча і Аляксея Янушэўскага затрымалі ўначы з 31 студзеня на 1 лютага. 3 лютага скончыцца тэрмін, калі можна трымаць пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня. Пракурор раёна Андрэй Млявы будзе вырашаць якую меру стрыманьня абраць для для маладафронтаўцаў.