Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польшча рэагуе на абвінавачаньні афіцыйнага Менску 10:33, 08/02/2006
У Польшчы ўжо ёсьць першыя камэнтары да апошніх публікацыяў у беларускіх дзяржаўных СМІ, дзе польскія недзяржаўныя арганізацыі абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы беларускай моладзі да вулічных акцыяў.
Войцех Бародзіч-Смаліньскі, экспэрт у справах Беларусі варшаўскага Цэнтру міжнародных дачыненьняў кажа, што беларускія ўлады аднавілі наступ на Польшчу, спрабуючы зрабіць яе адным з галоўных ворагаў беларусаў з дзьвюх прычынаў. Першая – татальны кантроль над любымі грамадзкімі ініцыятывамі напярэдадні выбараў.
“Беларускія ўлады вельмі баяцца “каляровых рэвалюцыяў” і ня хочуць, каб нешта такое паўтарылася ў Беларусі”, -- заявіў экспэрт для “Радыё Свабода”.
Па-другое, паводле спадара Бародзіча-Сіалінськага, ворагам ізноў абраная менавіта Польшча, бо новыя польскія ўлады маюць больш жорсткую пазыцыю, што да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Значэньне маюць таксама апошнія падзеі ў справе адкрыцьця на польскай тэрыторыі новага радыё для Беларусі.
Дэпутат польскага Сэйму, ініцыятар стварэньня дэпутацкай групы на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч таксама зьвязвае палітыку беларускіх уладаў з надыходзячымі выбарамі.
“Палякі адыгралі вялікую ролю ў “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне, і гэтага, натуральна, беларускія ўлады не вітаюць. Афіцыйны Менск спрабуе паказаць, што Варшава, маўляў, ізноў мае дрэнныя намеры.
Польскую меншасьць таксама спрабуюць зрабіць агентамі захаду, капіталістаў. І нарэшце кожны дыктатар, напярэдадні нейкіх дэмакратычных выпрабаваньняў, заўсёды спрабуе адцягнуць увагу грамадзянаў ад унутраных праблемаў. Рэжым увёў таксама дадатковыя абмежаваньні на ўезд замежных грамадзянаў. Я мяркую, што Менск яшчэ больш будзе абвастраць сытуацыю”, -- паведаміў дэпутат для “Радыё Свабода”.