|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае спыніць рэпрэсіі супраць моладзі 10:35, 08/02/2006 Маладых людзей пазбаўляюць волі і ўтрымліваюць у нечалавечых умовах СІЗА за грамадска-палітычную актыўнасьць, крытыку рэжыму і палітычныя графіці. Перасьлед моладзі набыў масавы характар -- за два месяцы ў Беларусі ўзбуджана вялікая колькасьць крымінальных справаў супраць моладзі. Актывістаў руху «Зубр» Аляксандра Казакова і Зьміцера Зубро затрымалі ў ноч на 28 сьнежня 2005 года за палітычныя графіці (лічба 16, якая заклікае да ўдзелу ў Дні салідарнасьці з палітзньняволенымі). Маладыя людзі правялі больш за двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня і былі адпушчаныя па падпіску аб нявыезьдзе. Ім прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага Кодэкса (супраціў супрацоўніку міліцыі). Дадзены артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленьне волі на той жа тэрмін. У горадзе Жодзіна па арт. 369 Крымінальнага Кодэксу (публічная абраза адказных асобаў) узбуджаная крымінальная справа ў адносінах Паўла Красоўскага -- актывіста моладзевага дэмакратычнага руху, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Справа ўзбуджаная за тое, што ў бюлетэні "Назіральнік" былі надрукаваныя сатырычныя карыкатуры на кіраўніцтва горада. Крымінальная справа ўзбуджаная супраць актывіста Партыі БНФ Зьміцера Касьпяровіча, затрыманага ў ноч з 17 на 18 студзеня 2006 г. па падозраньню ў абразе дзяржаўных сімвалаў. Па словах З.Касьпяровіча ён сапраўды залез на будынак Мінгарвыканкаму і спрабаваў зьняць афіцыйны сьцяг, бо лічыць яго сталінскім. Адказнасьць за абразу дзяржаўных сімвалаў прадугледжаная арт. 370 КК РБ, які не прадугледжвае пазбаўленьне волі (максімальнае пакараньне 1 год абмежаваньня волі), і па дадзеным артыкуле нельга ўтрымліваць пад вартай у СІЗА да суда. Але абвінавачаньне З. Касьпяровічу прад’яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Прадугледжанае пакараньне па гэтым артыкуле -- 3 гады пазбаўленьня волі. Мерай стрыманьня пракуратура абрала ўтрыманьне пад вартай. На дадзены момант Зьміцер Касьпяровіч знаходзіцца ў СІЗА г. Мінска. Сьледства па справе закончанае і матэрыялы хутка перададуць у суд. Крымінальная справа ўзбуджаная ў адносінах актывістаў арганізацыі «Малады фронт» Артура Фінкевіча і Аляксея Янушэўскага, затрыманых ноччу 30 студзеня ў Мінску за напісаньне палітычных графіці. Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства). Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі, калі абвінавачаньне будзе прад’яўленае па артыкуле злоснае хуліганства. На дадзены момант Артур Фінкевіч знаходзіцца ў СІЗА. Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што сьледчыя органы наўмысна кваліфікуюць напісаньне палітычных графіці, выключна як хуліганства ці злоснае хуліганства. Гэта кваліфікацыя дазваляе пазбаўляць моладзевых актывістаў волі і зьмяшчаць у СІЗА. Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае дадзеныя арышты як выключна палітычна матываваны перасьлед. Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае прадстаўнікоў беларускіх уладаў неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць моладзі і вызваліць усіх арыштаваных. Праваабарончы цэнтр «Вясна» зьвяртаецца да прадстаўнікоў беларускай грамадскасьці з заклікам праявіць салідарнасьць з арыштаванымі і іх сем’ямі, аказаць ім усялякую падтрымку.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|